Традыцыю калядавання ў Маладзечанскім раёне падтрымлівае этнаграфічны клуб "Кола"

14 января 2020
Віфлеемская зорка, мядзведзь і каза на вуліцах. Зараз па народным календары самы час для калядавання. І гэтую традыцыю падтрымлівае і ў Маладзечанскім раёне этнаграфічны клуб "Кола". У перыяд з каталіцкага Раства вечары пасля працы яго ўдзельнікі праводзяць у шумнай і вясёлай кампаніі: заходзяць ў сельскія дамы з песнямі, танцамі і невялікімі тэатралізаванымі пастаноўкамі. А там гасцінна і радасна сустракаюць гасцей. Між іншым, раней лічылася, што калі калядоўшчыкі прайшлі міма твайго дома, то год будзе неўрадлівым. 

Калядаваць напярэдадні старога Новага года ў вялікай кампаніі адправілася і Наталля Кезік. Вось такой кампаніяй этнаграфічная каманда калядуе чацвёрты год запар. Народнымі песнямі напаўняюць пераважна сельскія вуліцы, не саромеюцца і не баяцца завітаць у кожную хату, дзе гарыць святло. 
Да свята калядоўшчыкі таксама рыхтуюцца асабліва: падабраць неабходна святочнае адзенне, кажухі і музычныя інструменты. Наталля Чырвонцава сёлета адказная за віфлеемскую зорку. Посах жанчына зрабіла сама, а ўпрыгожыла выцінанкай у выглядзе хлебных зярняткаў. 

У хату да Марыі Абрамовіч калядоўшчыкі завіталі ўпершыню. Гучныя беларускія песні і жарты нагадалі жанчыне яе маладосць,  унукаў пазнаёмілі са старадаўнімі беларускімі традыцыямі. Некалі жанчына і сама таксама пераапраналася ў калядных герояў, каб вечарамі весела гуляць па суседніх вёсках. 

Традыцыя калядаваць з’явілася ў Беларусі сотні гадоў таму. Гаспадары ведаюць: калядоўшчыкі на парозе – рыхтуй багатыя пачастункі. Бо лічылася, калі госці зайшлі на парог, год будзе ўрадлівым, калі ж наадварот абышлі брамку - багатага ўраджаю не чакай. 

На вуліцы калядоўшчыкі выходзяць усяго адзін раз на год - у перыяд з каталіцкага Раства да самага Вадохрышча. Таму часу сустрэць на вуліцы казу, мядзведзя альбо чорта засталося не так шмат - усяго некалькі дзён.