Традыцыя выпякання грэцкага хлеба трапіла ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны

22 февраля 2020
Гэтую страву гатуюць толькі ў Маларыцкім  раёне. Унікальны рэцэпт мясцовыя гаспадыні перадаюць з пакалення ў пакаленне. 

Што ў ім асаблівага, даведвалася Марыя Тройніч. На кухні Лідзіі Ваўрушэвіч газавая пліта суседнічае з каменнай печчу. Хоць яна займае шмат месца, без яе сапраўдны грэцкі  хлеб не атрымаецца. Цеста гаспадыня замешвае ў вялікіх дзёжках, каб хлеба хапіла на ўсю радню і суседзяў. Галоўны інгрэдыент - грэчка, якую перад гэтым трэба перамалоць у жорнах альбо кавамолцы.

У вёсцы Гвозніца рэцэпт грэцкага хлеба перадаюць з пакалення ў пакаленне. Але сакрэту з яго не робяць. Наадварот, хочуць, каб мясцовая кулінарная традыцыя стала яшчэ больш вядомай і захавалася. Маларыцкі раён - адзіны ў краіне, дзе яшчэ выпякаюць хлеб па старадаўніх тэхналогіях.

Кулінарны працэс працаёмкі і доўгі: грэцкі хлеб гатуюць амаль цэлы дзень. Больш за ўсё часу ідзе на паспяванне цеста. Перад тым як адправіцца ў печ, яно павінна пастаяць восем гадзін. Першыя згадванні ўнікальнай традыцыі сустракаюцца ў гістарычных дакументах дзевятнаццатага стагоддзя. Паводле слоў Лідзіі, таксама ў народзе грэцкі хлеб называлі "грачанік" і "бабка". Сёння гэтую страву гатуюць толькі на святы, у асноўным на вяселле.

Па рашэнні Міністэрства культуры традыцыю выпякання грэцкага хлеба ўнеслі ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Гэты статус азначае, што цяпер звычай будзе пад аховай дзяржавы.

Цяпер у раёне рыхтуюцца праводзіць майстар-класы па выпяканні грэцкага хлеба. Акрамя мясцовай моладзі на іх будуць запрашаць і турыстаў.