Традыцыя, якой ужо больш за паўстагоддзя

6 июля 2015

У першую нядзелю ліпеня ветэраны Вялікай Айчыннай вайны збіраюцца ля Кургана Дружбы. Ён быў створаны 56 гадоў таму ў памяць пра сумесную барацьбу з ворагам рускіх, беларускіх і латышскіх партызан. З тых часоў ушанаваць памяць загінуўшых і аддаць даніну павагі жывым сюды штогод прыязджаюць сотні чалавек. На стыку трох дзяржаў пабывала і Марына Раманоўская.

У гэты дзень ля Кургана Дружбы заўсёды шматлюдна. На стыку трох дзяржаў ветэраны вайны - партызаны і падпольшчыкі - сустракаюцца кожны год і пры любым надвор'і.

Каб сюды прыехаць, многія пераадольваюць сотні кіламетраў. Віктар Любавіцкі апошні час не прапускае ні адной сустрэчы. І гэта нягледзячы на тое што сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай споўнілася 95.

Трохметровы Курган Дружбы насыпалі былыя партызаны і падпольшчыкі больш як паўстагоддзе таму як знак памяці пра барацьбу з ворагам беларускіх, рускіх і латышскіх партызан у гады Вялікай Айчыннай.

На вяршыні кургана расце дуб - сімвал сяброўства народаў. Ад яго разыходзяцца тры алеі: ліпавая - у бок Латвіі, кляновая - да Расіі, а на беларускай тэрыторыі заклалі бярозавую.

Плошча мемарыяльнага комплексу "Курган Дружбы" - больш як дваццаць гектараў. Сам курган знаходзіцца на тэрыторыі Латвіі. Канцэртная пляцоўка размяшчаецца на расійскім баку, а на беларускім працуе музей. Ён адчыняе свае дзверы толькі некалькі дзён на год. Сустрэча ветэранаў - адна з падстаў.

На кожнай з прымежных тэрыторый у гонар герояў і падзей Вялікай Айчыннай вайны ўсталяваныя помнікі. Да іх усклалі вянкі і кветкі.

Эстафета сяброўства ад ветэранаў у канцы ліпеня пяройдзе да моладзі. На стыку трох дзяржаў разгорнецца міжнародны лагер, які збярэ сотні ўдзельнікаў з Расіі, Латвіі і Беларусі.