Традыцыйны абрад "Цягнуць Каляду на дуба" прайшоў сёння ў вёсцы Новіны

21 января 2020
Каларытныя і аўтэнтычныя традыцыі продкаў працягваюць у Бярэзінскім раёне. Традыцыйны абрад "Цягнуць Каляду на дуба" прайшоў сёння ў вёсцы Новіны. Галоўнымі сімваламі свята па традыцыі сталі жытні сноп, куцця і векавы дуб. Мясцовыя жыхары спявалі абрадавыя песні, танцавалі і вадзілі карагоды - усё, каб атрымаць у новым годзе багаты ўраджай. Дарэчы, абрад адрадзілі больш за 20  гадоў таму. Зараз ён унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. На свяце пабывала і Алена Вітко.

Сёння "Цягнулі Каляду на дуба"


21 студзеня ў Новінскім доме культуры заўсёды гучна і весела. Штогод мясцовыя жыхары збіраюцца разам, каб правесці аўтэнтычны абрад «Цягнуць Каляду на дуба». Вось так выглядае галоўны атрыбут свята - Каляда. Гэта лялька з жытняга снапа, якую паставілі на кола. Зараз яе ўпрыгожваюць, а затым праз усю вёску павязуць да дуба. Тым часам на ганку гаспадыні бяруць старыя венікі і сякерай высякаюць ўсе грахі. Пасля гэтага на вуліцу выносяць Каляду  і ўсаджваюць яе на сані. Праўда, у гэтым годзе яны імправізаваныя,  на колах.

Дружнае шэсце ідзе да адзінокага стагадовага дуба  за некалькі кіламетраў ад вёскі. Нежанатыя хлопцы здымаюць з дрэва леташнюю Каляду і спальваюць яе. А потым  на дуб зацягваюць куццю ў чыгунку і новую ляльку. Старадаўні абрад у гэтым кутку Мінскай вобласці не проста частка мясцовага жыцця, але і сапраўднае тэатралізаванае шоу. Да каларытнага свята далучаюцца і іншыя жыхары Беларусі.

Праводзіны калядных свят


Абрад аднавілі ў 1998 годзе. Дагэтуль старажытныя традыцыі ў памяці захоўвала Ніна Клімовіч. Яна ж і стала прадаўжальніцай культуры продкаў.

Зацягнуўшы Каляду на дуб, усе вяртаюцца ў вёску. Музыканты іграюць на народных інструментах, калядоўшчыкі спяваюць і танцуюць, праводзяць народныя гульні. Мясцовыя жыхары лічаць, што калі абрад правесці па ўсіх правілах, то будзе добры ўраджай.

Праводзіны калядных свят сталі своеасаблівым брэндам вёскі Новіны. Абрад уключылі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.