Традыцыйныя народныя промыслы, але ў сучаснай інтэрпрэтацыі развіваюць у Лагойску

3 апреля 2020
У раённым доме рамёстваў налічваюць больш за дзве сотні мясцовых майстроў. Напрыклад, Наталля Марцінкевіч займаецца этнічнай вышыўкай. А Вінета Набздорава стварае вязаныя кручком цацкі. З  умеліцамі пазнаёмілася Алена Вітко.

Тонкае мастацтва вышыўкі - праз стагоддзі

Іголкай і ніткай Наталля Марцінкевіч нібы малюе ўзоры на тканіне. Майстар з Лагойска добра ведае ўсе тонкасці вышыўкі. Сакрэтамі карпатлівай творчасці з ёй падзялілася бабуля. І калі спачатку Наталля хацела ўнесці нешта новае ў мастацтва, напрыклад, стварала карціны з сучаснымі сюжэтамі, то зараз ізноў вярнулася да этнічнай вышыўкі.
Майстар з 15-гадовым творчым стажам сваімі ведамі дзеліцца з дзецьмі. Пры гэтым вучыцца і сама. Напрыклад, нядаўна Наталля зрабіла сабе выклік - аднавіць па старых фотаздымках мясцовыя вясельныя строі.
Працы Наталлі можна ўбачыць падчас розных абласных і рэспубліканскіх выстаў і конкурсаў. Увесь астатні час яны знаходзяцца ў Лагойскім раённым доме рамёстваў.
Тут можна ўбачыць самыя разнастайныя народныя промыслы: ткацтва, ганчарства, саломапляценне… Увогуле, творчы клуб налічвае каля 230 майстроў.

Традыцыі беларускага вязання ў амігурумі

Сярод самых актыўных умельцаў і Вінета Набздорава. Жанчына стварае аб'ёмныя мяккія цацкі ці амігурумі. Каля 5 гадоў яна вяжа кручком сімвалы года, плюшавых жывёл і розных казачных персанажаў. Дарэчы, вязаннем захапляюцца і тры дачкі Вінеты. 
Цэнтральнае месца ў калекцыі займаюць лялькі. У кожнай – розныя ўборы, колер валасоў, характар і эмоцыі. 
Рукадзельныя цацкі Вінеты падабаюцца не толькі дзецям, але і дарослым. Лялькі майстра "жывуць" у Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі. А ў марах і планах – персанальная выстава.