Гэта час добрых спраў, калі прынята хадзіць у госці і калядаваць. Валачобнікаў чакалі ў кожнай сям'і, лічылася, што вясёлая кампанія адганяе нячыстую сілу і прыносіць у дом дабрабыт на ўвесь год. Рэпартаж Марыны Раманоўскай.
У добрым настроі, з песнямі, калядоўшчыкі заходзяць да аднавяскоўцаў. У кожным доме - яны жаданыя госці. У кампаніі - Механоша, Мядзведзь, Бусел, Воўк. Персанажы розныя - у залежнасці ад рэгіёна. Асаблівая роля адводзіцца Казе. Нашы продкі верылі: менавіта гэта жывёла прыносіць у дом шчасце і дабрабыт.
Прыходу калядоўшчыкаў заўсёды радаваліся. Лічылася, калі шумная кампанія завітала на двор - значыць, год будзе шчодры на радасныя падзеі. Гаспадарам калядоўшчыкі жадалі здароўя, багатага ўраджаю, папаўнення ў сям'і. Таму адорвалі такіх гасцей ад усёй душы.
Моладзь адраджае старажытныя гульні
Каўбасы, сала, пірагі - у меху самыя розныя прысмакі. На поўначы краіны здаўна прынята запасацца на Каляды арэхамі. Імі частуюць гасцей і гуляюць у цотку ці лішку. Правілы простыя - трэба здагадацца - колькі арэхаў у жмені.
Калядоўшчыкаў чакаюць у кожным доме
У вёсцы Дзеркаўчына калядныя песні спяваюць кожную зіму. Традыцыю падтрымлівае моладзь - развучваюць словы і рыхтуюць касцюмы. Атрымліваецца каларытны перфоманс, для якога не патрэбна сцэнічная пляцоўка.
Аксана Баброўская, загадчыца Дзеркаўшчынскага цэнтра культуры: "Заўсёды так весела гуртам збіраемся, і моладзь, і дарослыя. Усе, хто хоча з намі пакалядаваць. І людзі з радасцю нас прымаюць. Кожны хоча, каб у хату завіталі".
Жаніцьба Цярэшкі
У многіх рэгіёнах на Каляды жанілі Цярэшку. Збіралася вялікая кампанія і ладзіла жартаўлівае вяселле з песнямі і танцамі.
Такім чынам моладзь прымярала ролю сямейнай пары. Вяскоўцы узгадваюць - такая гульня звычайна была рэпетыцыяй сапраўднага вяселля.
Дзмітрый Крывёнак, кіраўнік народнага тэатра фальклору "Цярэшка": "Даўней не было танцаў і клубаў. Усе збіраліся у хатах і жанілі Цярэшку. А што гэта значыць: выбіралі маці і бацьку, выбіралі, хто з кім хоча пажаніцца".
Калядаваць прынята ад Каляд і да Вадохрышча. Як казалі продкі - ад звязды і да вады. Святкі - час для міласэрнасці і радасці. І праводзіць іх трэба толькі у добрых думках і з пазітыўным настроем!













