Урачыстае абласное свята да Дня Перамогі сёння адбылося ля Кургана Славы

6 мая 2016

Ветэраны вайны і пакаленні нашчадкаў усклалі кветкі да мемарыяла, ушанавалі памяць салдат, якія ваявалі і перамаглі ў Вялікай Айчыннай. Пасля афіцыйнай часткі гасцей у палявым лагеры частавалі салдацкай кашай пад песні ваенных гадоў. Рэпартаж - Наталлі Кузьміцкай.

У 43-ім 18-гадовага юнака Паўла Піменава, ураджэнца Бранскай вобласці, прызвалі ў армію. Навабранец трапіў у 281-шы зенітна-артылерыйскі полк. У 1945 ужо камандзір аддзялення зенітна-кулямётнага разліку, малодшы сержант Піменаў удзельнічае ў вызваленні Оршы і Барысава. 3 ліпеня пераможны полк трапляе ў Мінск.

Апошняе дзесяцігоддзе ўдзельнік вайны разам з доблеснымі абаронцамі Айчыны ў мінулым, сёння ветэранамі і жыхарамі цэнтральнага рэгіёна, нашчадкамі Вялікай Перамогі, сустракае 71-шы мірны год ля мемарыяла "Курган Славы".

У гонар Перамогі сёння гучаць словы падзякі і франтавыя песні. Сімвал свабоды і міру - дзяржаўны флаг узнімаецца ў неба. Пераможны май жыхары цэнтральнага рэгіёна сустракаюць разам. На пляцоўцы ля мемарыяла разгарнуўся палатачны гарадок з рэканструкцыяй ваенных падзей і побыту.

У Мінскай вобласці пражываюць каля дзвюх тысяч ветэранаў і ўдзельнікаў вайны. Сёння можна было ім адправіць ліст з віншаваннямі і пажаданнямі. На месцы працавала палявая пошта. Да 9 мая святочныя паштоўкі даставяць да ўсіх адрасатаў.

Памятныя акцыі і мітынгі, урачыстыя вечары і святочныя канцэрты 9 мая ў кожным горадзе і раёне цэнтральнага рэгіёна. Асабліва значная падзея ў Маладзечне, як і ў Мінску, на цэнтральнай плошчы культурнай сталіцы адбудзецца шэсце «Беларусь памятае».