Урачыстыя службы ідуць увесь дзень ва ўсіх хрысціянскіх храмах Беларусі

12 апреля 2015

Урачыстыя службы сёння ідуць увесь дзень  ва ўсіх хрысціянскіх храмах Беларусі. Нагадаем, у праваслаўі святочнымі лічацца 40 дзён пасля Вялікадня. А першы  тыдзень  у храмах будуць гучаць званы, вітаючы добрую вестку. Як адзначаюць  беларусы Уваскрэсенне Хрыстова -   у рэпартажы Іны Пілевіч.

 

Перазвон запрашае вернікаў на святочнае набажэнства. Тысячы вернікаў прыходзяць у Свята-Духаў кафедральны сабор, каб  пакланіцца Богу і запаліць лампадкі. Напярэдадні ў Мінск з Іерусаліма быў дастаўлены Жыватворны агонь ад Гроба Гасподняга.

Вялікдзень называюць святам свят, урачыстасцю ўрачыстасцяў. Уваскрэсенне Хрыстова азначае перамогу жыцця над смерцю. Па традыцыі сёння духавенства змяніла чорныя рызы на беласнежныя і чырвоныя. Унутры царква ўпрыгожана кветкамі. Праваслаўныя хрысціяне імкнуцца прычасціцца падчас боскай літургіі.

Строгі 40-дзённы пост завершаны Тыя, хто не паспеў падрыхтавацца да Вялікадня загадзя, яшчэ могуць паспець асвяціць велікодныя пачастункі. Пасля боскай літургіі вернікі накіроўваюцца дадому да святочнага стала. Галоўныя стравы - кулічы і пафарбаваныя яйкі. Дарэчы, апошнія, як сімвал свята, прынята дарыць родным і блізкім.

Святкаванне Вялікадня прадоўжыцца тыдзень, які таксама вядомы як светлы. У гэты перыяд кожны дзень называецца светлым, а вітаць адзін аднаго прынята словамі "Хрыстос уваскрэс".