Урачыстыя лінейкі адбыліся ў Мінску і вобласці

2 сентября 2019
З асаблівымі пачуццямі да іх рыхтаваліся першакласнікі. У сталіцы іх каля 24 тысяч, а вось за парты навучальных устаноў цэнтральнага рэгіёна ўпершыню сядуць каля 17 тысяч вучняў.  Сёлета Дзень ведаў выпаў на 2 верасня. У астатнім традыцыі не парушаны. Як і заўсёды, першы ўрок прысвечаны малой радзіме. У цэнтры ўвагі сёлета і 75-ая гадавіна вызвалення Беларусі. Як адбыўся першы святочны дзень новага навучальнага года, раскажуць нашы калегі.

Белыя банты ў дзяўчынак, гальштукі і бабачкі ў хлопчыкаў, а ў руках пышныя рознакаляровыя кветкі  для першай настаўніцы. Сёння для іх усё упершыню. 6-гадовая Маша на ўрачыстай лінейцы побач з матуляй, абедзве ў радасным прадчуванні цікавых перамен у жыцці.

У сярэдняй школе № 14 горада Маладзечна сёлета 6 першых класаў. Побач з імі і тыя, для каго гэты складаны, але цікавы жыццёвы этап хутка скончыцца. І вось першы званок прагучаў, знаёмства са школай прадоўжылася ў кабінетах. Падчас летніх канікул тут пафарбавалі спартыўныя залы, па-новаму аформілі прадметныя класы, так што сваю навучальную ўстанову не пазналі нават тыя, для каго гэта ўжо не першы Дзень ведаў. 

Ацаніў умовы навучання ў адной з самых буйных устаноў адукацыі горада і губернатар вобласці  Анатоль Ісачанка. Па традыцыі прыехаў з віншаваннямі і падарункамі. Пачатак навучальнага года ўрачыста адзначылі і ў аграгарадку Дворышча Дзяржынскага раёна. Першакласнікамі тут сталі ўсяго 16 хлопчыкаў і дзяўчынак. Спецыяльныя вучнёўскія наборы самыя юныя вяскоўцы атрымалі ад Міністэрства фінансаў.

Урачыстыя лінейкі аб’ядналі сёння вучняў, бацькоў і настаўнікаў з усіх куткоў Мінскай вобласці. За парты селі больш за 227 тысяч школьнікаў, для 17 тысяч з іх пачынаецца новы час - час перамен, адкрыццяў, знаёмстваў і, зразумела, важных і карысных ведаў. 

Хвалюючы дзень  і для сталічных вучняў. Доўгачаканая сустрэча пасля канікул або толькі знаёмства са школай. Так, амаль 25 тысяч першакласнікаў сёння ў Мінску пачалі сваю школьную гісторыю. 

З любімым прадметам Філіп вызначыўся яшчэ да пачатку вучобы. Самы малодшы сярод аднакласнікаў - яму ўсяго 5 - горда спяшаецца на свой першы ўрок. Па дарозе  абавязкова парады, а заадно і віншаванні ад старэйшага брата. 

Не менш адказная гэта раніца і для Марыяны Маеўскай. У яе таксама школьны дэбют, аднак у ролі настаўніцы. 

Асабліва святочна сёння ў кожнай сталічнай школе. Новы навучальны год стартаваў адразу для 200 тысяч вучняў. У раскладзе заняткаў спачатку тэматычныя ўрокі, прысвечаныя малой радзіме. Дарэчы, любоў да мастацтва  тут, у 174-й сталічнай гімназіі, выхоўваюць з першых вучэбных дзён. А для жыхароў мікрараёнаў Сухарава і Усходні сёння яшчэ і своеасаблівае наваселле. Там расчынілі свае дзверы новыя школы. Атрымліваць веды ў іх будуць амаль паўтары тысячы вучняў.