Урачыстае ўскладанне вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў Мінску

2 июля 2014
Напярэдадні вялікай для нас даты гэты рытуал стаў ужо добрай традыцыяй. У цэнтр сталіцы ў гэты дзень беларусы прыходзяць сем'ямі, разам з дзецьмі і ўнукамі.

Некаторыя падрабязнасці цырымоніі мы можам даведацца зараз у нашага карэспандэнта Андрэя Крывашэева (прамое ўключэнне).

Менш як праз гадзіну тут пачнецца цырымонія ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў гонар 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Незалежнасці з удзелам прэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Безумоўна, напярэдадні вялікай і святой для беларусаў даты гэты ўрачысты рытуал ужо стаў і добрай традыцыяй, і сімвалам.

Ён падкрэслівае дзяржаўны статус свята і вялізную ўвагу, якую надае дзяржава і грамадства гісторыі вызвалення.

Традыцыя падкрэслівае каштоўнасць незалежнасці Беларусі, якая бярэ вытокі сваёй волі і суверэнітэту ў вялізным летапісе Вялікай Перамогі.

Сёння, напярэдадні 3 Ліпеня, уся Беларусь рыхтуецца з размахам адзначыць два галоўныя святы нашай краіны. А тут, на плошчы Перамогі, ужо ўсё гатовае да ўрачыстай цырымоніі. Вы можаце бачыць, як шмат людзей сабралася ў цэнтры сталіцы. У людзей у руках беларуская сімволіка і нязменныя чырвоныя гваздзікі - сімвал салдацкай крыві, пралітай за вызваленне Беларусі.

Для большасці дзень вызвалення і незалежнасці даўно сталі святамі сямейнымі. На ўрачыстасці 2 і 3 ліпеня прыходзяць з дзецьмі, унукамі і праўнукамі. Такія сямейныя дэлегацыі ёсць і тут на плошчы Перамогі.

Зараз некалькі слоў пра тое, што ж будзе адбывацца ля манумента Перамогі менш як праз гадзіну. Усіх сакрэтаў раскрываць пакуль не будзем, бо ў мінчан і гасцей сталіцы яшчэ ёсць час, каб асабіста стаць часткай гэтага ўрачыстага рытуалу.

Такім чынам, усё пачнецца ў 20:00. На плошчы чакаюць прэзідэнтаў Беларусі і Расіі. Удзел Уладзіміра Пуціна - падзея знакавая і сімвалічная.

Па-першае, гэта сведчанне сапраўднага братэрства па зброі народаў Беларусі і Расіі, якія вызвалялі ад гітлераўцаў у гарачыя 40-я не толькі Беларусь і агульную савецкую радзіму, але і ўвесь еўрапейскі кантынент.

На беларускай зямлі склалі галовы сотні тысяч герояў, выхадцаў Расіі ад Смаленска і Бранска да Сібіры, Каўказа і Далёкага Усходу. А таму ў юбілейны год прэзідэнт Расіі не мог не ўшанаваць мужнасць і адвагу вызваліцеляў.

Па-другое, удзел расійскага лідара - гэта сведчанне глыбокай пашаны да выбару беларускага народа будаваць незалежную дзяржаву, але ў цесным саюзе з братэрскім расійскім народам. Нашы адносіны на базе агульнай перамогі і гісторыі сёння развіваюцца і ў рамках Саюзнай дзяржавы, і ў рамках Еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. Апора на аўтарытэт і сілу адзін аднаго і ў гады вайны, і сёння ўмацоўвае нашы дзяржавы.

Нарэшце, сумеснае святкаванне знакавых дат і падзей - гэта яшчэ і запрашэнне для ўсіх народаў і іх лідараў памятаць гісторыю, пазбягаць ваяўнічай рыторыкі і распальвання ўзаемнай нянавісці паміж народамі.

Такім чынам, у 20:00 мы чакаем пачатка цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі. Яна пройдзе пад гукі ўрачыстай мелодыі ў выкананні аркестра ганаровай варты ваеннай камендатуры.

Затым будзе абвешчаная хвіліна маўчання ў памяць герояў, якія аддалі жыццё ў імя волі і незалежнасці.

Скажам, што далей на плошчы Незалежнасці адбудзецца маляўнічая і кранальная музычна-харэаграфічная пастаноўка Жураўлі.