Топ-менеджары Уралкалія аб'яўленыя ў міжнародны вышук

27 августа 2013
Інтэрпал адшуквае топ-менеджараў Уралкалія, якія ўцяклі з Беларусі. Са штаб-кватэры міжнароднай арганізацыі ў французскім Ліёне паступіла пацвярджэнне, што выдадзены міжнародны ордар у адносінах да Пятрова, Саладоўнікава, Яўстратава і Самойлава. Гэта значыць, што названыя асобы павінны быць затрыманыя з прымяненнем меры стрымання - арышту.

Нагадаем, менеджары беларуска-расійскай калійнай кампаніі абвінавачваюцца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Некалькі гадоў яны вялі двайную і трайную бухгалтэрыю, выкрадалі сакрэтную камерцыйную інфармацыю, рабілі спробы рэйдарскага захопу беларускага камбіната, праз шэрыя схемы і афшоры ўтойвалі прыбытак. Страты інвестараў, акцыянераў і бюджэтаў Беларусі і Расіі вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напярэдадні генпракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу ў адносінах да ўжо затрыманага старшыні наглядальнага савета Беларускай калійнай кампаніі, дырэктара ААТ Уралкалій Уладзіслава Баўмгертнера. Зараз праваахоўнікі правяраюць дачыненне да шэрых схемаў ключавога акцыянера Уралкалія Сулеймана Керымава.
Сулейман Керымаў - самы закрыты расійскі алігарх. Пачынаў у ліхія дзевяностыя з нафтавага бізнесу падчас абвальнай прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў. Вельмі доўгі час ён не распаўсюджваў інфармацыю пра сваю ўласнасць. Разам з тым вядома, што яго толькі леташні даход склаў больш чым 30 мільёнаў долараў. А агульнае багацце - каля 8 мільярдаў долараў. Валодае футбольным клубам Анжы, 90-метровай яхтай, двума самалётамі. Некалькі гадоў таму ён выставіў на продаж адзін са сваіх асабнякоў на Блакітным беразе коштам 20 мільёнаў еўра. Сёння Керымаў уваходзіць у дваццатку самых багатых людзей Расіі, паводле версіі Форбс.
Тым часам пасля аб'яўлення аб разрабаванні сумеснай трэйдынгавай кампаніі кошт акцый Уралкалія ўпаў. Сёння яны скаціліся да ўзроўняў трохтыднёвай даўнасці. Паводле стану на гэтую раніцу, паперы эмітэнта на Маскоўскай біржы страцілі ўжо 2%. У панядзелак Уралкалій патаннеў на 3,5%, пры гэтым яго замежныя канкурэнты даражэлі. Распіскі кампаніі таксама імкліва абясцэньваюцца. Нагадаем, што акцыі Уралкалія сталі страчваць кошт з пачатку года. Эксперты адзначаюць, што пры такой сітуацыі, калі рынак падае, асноўнаму акцыянеру выгадна павялічваць свой пакет. Нагадаем, асноўным акцыянерам выступае фонд расійскага мільярдэра Сулеймана Керымава, які да нядаўняга часу актыўна скупліваў акцыі.
Такія маніпуляцыі для сучаснага расійскага бізнесу не навінка. Інтэрнэт-супольнасць у Расіі бурна адрэагавала на выяўленыя злачынныя махінацыі.
Мы сочым за развіццём сітуацыі. Падрабязнасці ў наступных выпусках.