Тунэлі трэцяй лініі падземкі павялічыліся больш чым на 400 метраў

29 июля 2016

На ўзвядзенні метро будаўнікі працуюць у тры змены. Значны штуршок ва ўзвядзенні будучых станцый надаў і механізаваны комплекс, які штодня праходзіць пад зямлёй каля 15 метраў. Акрамя таго, на будучай станцыі «Юбілейная плошча» з'явіліся нават рэйкі. Як сёння выглядае трэцяя лінія падземкі, убачыў Аляксандр Харавец.

У кругласутачным рэжыме, без выхадных і на самым сучасным абсталяванні. Так сёння будуюць трэцюю лінію метро. Тунэлі паміж станцыямі пракладваюць механізаваным спосабам пры дапамозе спецыяльнага апарата, які дастае грунт з-пад зямлі.

Сёння комплекс абслугоўваюць 30 спецыялістаў. Ды і яго памеры уражваюць. Вага больш за паўтысячы тон, даўжыня перавышае 90 метраў. Пры гэтым хуткасць будаўніцтва падземкі вырасла у пяць разоў. Штомесяц тунэль падаўжаецца на 250 метраў.

Ігар Сінічанкаў працуе ў самым сэрцы магутнай машыны. Сочыць за тым, як тэхніка паводзіць сябе на 16-метровай глыбіні, і кантралюе працэс тэхналагічных аперацый.

Сёння тунэль, які звяжа станцыі «Вакзальная» і «Юбілейная плошча», у даўжыню крыху больш за 400 метраў. Штодня павялічваецца на 12. Зараз метрабудаўнікі набліжаюцца да вуліцы Клары Цэткін. Наступны прыпынак - Юбілейная плошча. Кіламетровы участак плануюць пераадолець да верасня.

На будучай станцыі «Вакзальнай» з'яўляюцца абрысы платформы. Пачалі будаўнікі і ўзвядзенне перасадачнага вузла. Пешаходныя тунэлі звяжуць паміж сабой станцыі першай і трэцяй лініі.

Паралельна работы ідуць на ўсіх чатырох будучых станцыях. На «Кавальскай слабадзе» завяршаецца ўзвядзенне тупікоў, дзе будзе весціся тэхагляд і абслугоўванне электрычак. Першых пасажыраў чатыры станцыі прымуць у 2017 годзе. У цэлым працягласць трэцяй лініі падземкі складзе больш за 17 кіламетраў. А гэта 14 станцый, якія злучаць паўднёвыя і паўночныя жылыя кварталы сталіцы з цэнтрам.