Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў

9 ноября 2015

Стыхія ўжо дае аб сабе знаць. У Брэсцкай вобласці моцны вецер парывамі да 20 метраў за секунду зрываў рэкламныя шчыты і дрэвы з коранем. Пацярпеў жыхар абласнога цэнтра, яго даставілі ў бальніцу. Паводле слоў маладога чалавека, кампанія прыехала ў воінскую часць, каб наведаць сябра ў арміі. У гэты час з-за ўраганнага ветру таполя ўпала на машыну, побач з якой стаялі людзі. Ліквідацыяй наступстваў разгулу стыхіі давялося займацца і супрацоўнікам Нацыянальнага парку "Белавежская пушча".

Моцны вецер у Беларусь прынёс цыклон са Скандынавіі. Зараз ён зрушыўся на тэрыторыю Украіны. У найбліжэйшы час паўтору шторму сіноптыкі не прагназуюць.

Аляксандр Бяганскі, начальнік аддзела Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі: "На гэтым тыдні надвор'е ў рэспубліцы прадоўжаць фарміраваць актыўныя атмасферныя франты, якія будуць рухацца да нас з Заходняй Еўропы. Яны будуць прыносіць да нас цёплае атлантычнае паветра. Таму тэмпературны фон будзе павышаны, але перыядычна будуць адзначацца дажджы рознай інтэнсіўнасці".

Паводле слоў спецыялістаў, зараз надвор'е ў Беларусі не зусім характэрнае для лістапада. Чакаецца, што тэмпература ў апошні месяц восені будзе вышэйшай за кліматычную норму на 3-5 градусаў.