Цёплы кастрычнік кожны дзень прыносіць новы тэмпературны рэкорд

22 октября 2019

Анамальна цёплы кастрычнік што ні дзень, то новы тэмпературны рэкорд прыносіць.
Самым гарачым пунктам нашай краіны стаў Брагін. Паветра 14 кастрычніка прагрэлася амаль да +25 градусаў. А Мінск 16 кастрычніка пабіў рэкорд дня, які трымаўся больш за 100 гадоў (з 1907 года). Слупок тэрмометра падняўся вышэй за 20 градусаў цяпла. 
Дарэчы, учарашні дзень у Мінску  стаў самым цёплым. 21 кастрычніка паветра прагрэлася да +21. 
І калі звычайна ў кастрычніку 4 сонечныя дні, то сёлета промні сонца сагравалі беларусаў 18 дзён. 
У цэлым апошнія 10 дзён тэмпература паветра па краіне была вышэйшай за кліматычную норму на 6 градусаў. Такое надвор'е звычайна характэрна для пачатку верасня. 

І дзякуючы такому анамальна цёпламу кастрычніку ў Беларусі  не адзін раз сады цвітуць. Напрыклад, у Мінску зноў зацвілі яблыні. А яшчэ распусціліся незабудкі, дзьмухаўцы і васількі. На градках таксама ўраджайна. У некаторых раёнах можна сабраць клубніцы, суніцы і маліны. 

Летні рэпартаж у Юліі Токар. 
Такія цёплыя дні здзіўляюць не толькі дачнікаў, не каляндарны май прыйшоў і ў гаспадарку "Усход". Ужо тыдзень фруктовы сад тоне ў белых дзьмухаўцах. Галоўны аграном Ігар Пратасеня не памятае за сваю шматгадовую практыку такіх з'яў - упершыню ў разгар восені зацвілі яблыні і грушы. 
Для сельскагаспадарчых культур пацяпленне таксама ў плюс. Напрыклад, у азімага рапсу ўжо сёння вельмі моцныя карані. А гэта значыць, што расліна атрымае дастаткова цукру для паспяховай зімоўкі. 
Выгаду ад сонечных промняў зараз атрымліваюць і тыя, хто залежыць ад альтэрнатыўных крыніц энергіі. Напрыклад, фотаэлектрычныя модулі на станцыі пад Вілейкай у такія ясныя дні працуюць на поўную магутнасць. 
А для кагосьці сонечныя промні незаменны спецэфект для яркіх кадраў.
Усе фарбы летняй восені можна ўбачыць тут у адлюстраванні вады. Купацца, вядома, ужо халаднавата, але ахвотнікаў прыняць сонечныя ванны на Цнянскім вадасховішчы  яшчэ шмат. 
Беларусы па максімуме выкарыстоўваюць магчымасці летніх дзён. Тым больш што сезон пракату веласіпедаў і самакатаў  працягваецца. А кафэ і рэстараны не збіраюцца закрываць тэрасы.
Як і летам, любімым ласункам беларусаў у кастрычніку стала марожанае. На адным з холадакамбінатаў падлічылі, што летась за гэты дзень ледзянога дэсерту было прададзена 3 тоны, сёння - амаль 13. Вось і яшчэ адзін плюс кастрычніка.