Тэлерадыёкампанія "Гродна" адзначае паўвекавы юбілей

22 декабря 2018

Вядучая рэгіянальная студыя - тэлерадыёкампанія "Гродна" - адзначае паўвекавы юбілей. Сёння гэта - 16 гадзін ўласнага тэлевізійнага вяшчання, папулярныя радыёэфіры і прысутнасць у інтэрнэт-прасторы. Сярод дасягненняў - перамогі ў нацыянальным конкурсе "Тэлевяршыня" і намінацыі ў міжнародных медыяпраектах. Чым жыве і якія будуе планы тэлерадыёкампанія "Гродна" - у рэпартажы Юрыя Карняловіча. 

Свой пачатак Тэлерадыёкампанія Гродна бярэ ў далёкім 1968 годзе. Якраз напярэдадні навагодніх свят адбыўся першы эфір. І адразу ж тэлегледачам былі прапанаваны актуальныя праграмы і цікавыя праекты. Мясцовыя журналісты рыхтавалі свае сюжэты нават на галоўную інфармацыйную праграму Цэнтральнага тэлебачання.

Шматгадовыя традыцыі падтрымліваюцца і зараз. У 2015-м быў дадзены старт уласнаму тэлеканалу "Беларусь 4. Гродна". А ўжо сёння кампанія перайшла на новы Эйч Дзі фармат вяшчання. Папярэднічала гэтаму вялікая праца па мадэрнізацыі. Было набыта сучаснае абсталяванне, поўнасцю абнавілася афармленне студый.

Не менш паспяховай з’яўляецца і ўласная ФМ-радыёстанцыя "Радыё Гродна". Яе можна пачуць не толькі ў прынёманскім рэгіёне, але і ў Брэсцкай і Мінскай абласцях, а таксама ў суседніх Польшчы і Літве.

Захоўваючы вопыт мінулых гадоў, тэлевізіёншчыкі акцэнт робяць на моладзь. Для таленавітых і крэатыўных людзей дзверы студыі заўсёды адчынены.

Будучыя кадры для тэлерадыёкампаніі Гродна рыхтуюць у тым ліку і ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Студэнты кафедры журналістыкі праходзяць практыку на тэлебачанні. А выпускнікі ўжо актыўна працуюць над праектамі абласной студыі.

Уласны медыяцэнтр дазваляе ўніверсітэту рыхтаваць першакласных спецыялістаў ужо з першага курса. І супрацоўнікі абласнога тэлебачання актыўна ўдзельнічаюць у гэтым працэсе. На базе ТРК дзейнічае свой філіял кафедры, дзе студэнтаў уключаюць у творчыя групы па стварэнні праграм.

Паўвекавы юбілей, прызнаюцца супрацоўнікі, гэта толькі чарговы этап у развіцці студыі. Ужо сёння вядзецца актыўная праца над новымі праграмамі наступнага тэлесезона.

У найбліжэйшых планах таксама - актыўнае асваенне інтэрнэт-прасторы. Уласныя сайты, прысутнасць у сацыяльных сетках дазволіць кампаніі значна пашырыць сваю аўдыторыю і годна канкурыраваць у медыяпрасторы.