Тэатральны свет развітаўся з легендарным рэжысёрам Барысам Луцэнкам

7 февраля 2020
Тэатральны свет сёння развітаўся з легендарным рэжысёрам Барысам Луцэнкам. Народнага артыста Беларусі не стала 5 лютага.

Барысу Іванавічу было 82. Цырымонія развітання адбылася ў яго родным Рускім драматычным тэатры. Ушанаваць памяць прыйшлі акцёры вядучых тэатраў Беларусі, драматургі і сцэнарысты, кіраўнікі культурных устаноў і прадстаўнікі міністэрстваў. Па традыцыі ў апошні шлях народнага артыста праводзілі авацыямі. 

Барыс Луцэнка праслужыў Рускаму тэатру 37 гадоў і сапраўды стаў "хросным бацькам" поспеху гэтых тэатральных падмосткаў. Менавіта тут ён паставіў знакавыя спектаклі - "Макбет", "Трохграшовую оперу", "Трагедыю чалавека". Усяго Барыс Іванавіч зрэжысіраваў больш за сотню спектакляў у тэатрах Беларусі і замежжа. Пахавалі Барыса Луцэнку на Усходніх могілках.