Тамара Шалупенка з Чэрвеньскага раёна дзеліцца сакрэтамі па саломапляценні

19 июля 2021

Сярэдзіна ліпеня - самы час для нарыхтоўкі саломкі для будучых сувеніраў у традыцыйным беларускім стылі. Вырабы Тамары Шалупенкі з Чэрвеньскага раёна - частыя госці рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. А іх аўтар мясцовая знакамітасць, майстар народнай творчасці з 15-гадовым стажам. Сваімі сакрэтамі па саломапляценні яна з задавальненнем дзеліцца з дзецьмі і дарослымі. 

На творчыя майстар-класы ў Дом рамёстваў вёскі Вайнілава зазірнула Ларыса Гулякевіч.

Саломка ў яе руках  нібыта гліна. Саламяных спраў майстар Тамара Шалупенка ўмее падпарадкаваць матэрыял, каб атрымаўся не проста сувенір з саломкі, а цэлая скульптурная кампазіцыя. 

Тамара Пятроўна - чэрвеньская знакамітасць. Сваё майстэрства адточвае і выплятае на працягу 15 гадоў. У Доме рамёстваў роднай вёскі Вайнілава праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых. 

Яе саламяныя скульптуры адметныя і пазнавальныя. Адна з галоўных умоў паспяховага выніку - правільная нарыхтоўка саломкі. Каб вырабы атрымаліся высокімі і вялікімі, майстар збірае яе ў сярэдзіне лета. Новы ўраджай збожжавых сартыруе для працы ў розных тэхніках.

Але не толькі ўрокі па саломапляценні праходзяць у Вайнілаўскім  цэнтры традыцыйных промыслаў. Майстар-класы па ткацтве паясоў і габеленаў дае калега Тамары  Таццяна Мартынчык.  

Самае прыемнае для майстра - паспяховы ўдзел яе вучняў у розных конкурсах і фестывалях. 

Каб зацікавіць дзяцей старадаўнім народным майстэрствам, Таццяна Мартынчык выкарыстоўвае сучасныя напрамкі ў ткацкім пляценні. Паясы і сумкі аздабляе народнымі ўзорамі ў яркіх, папулярных у моладзі колерах.

Існуе тут і своеасаблівы народны музей з вышыванкамі, народнымі прыладамі. 

У  Вайнілаўскім доме рамёстваў арганізатары стварылі этнаграфічны куток. Мясцовыя жыхары самі прыносяць сюды старадаўнія рэчы, посцілкі, дываны і прылады быту мінулых часоў.

Саламяныя героі, лялькі-мотанкі, паясы ды габелены вандруюць разам з гаспадарамі па розных беларускіх святах, фестывалях і конкурсах. Наперадзе  ўдзел у абласных "Дажынках".