Сюжэт-дайджэст навін Брэсцкага рэгіёна

14 апреля 2018

У Івацэвіцкім лясгасе закладзена ліпавая алея. Нагода - адкрыццё на яго базе пакуль першага лесанасеннага комплекса па вырошчванні саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай. А ў Брэсце ў хуткім часе на галоўнай плошчы горада замест старых блакітных елак будуць высаджаны маладыя хвоі. Аб гэтых і іншых навінах Брэсцкага рэгіёна даведаемся з дайжэста.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Замест чырвонай стужкі - хвойныя галінкі, замест нажніц - тапары! У Івацэвіцкім раёне ўрачыста адкрыўся першы ў краіне лесанасенны комплекс па вырошчванні саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай. За аснову ўзяты фінскі вопыт. Па сучаснай тэхналогіі, сеянцы змогуць вырошчваць амаль круглы год. Тут прадугледжаны ўвесь цыкл вытворчасці: ад сушкі шышак да палёў загартоўвання. А працэсы пасадкі і догляду за нованароджанымі соснамі і елкамі аўтаматызаваныя. Усяго ў Беларусі да 2020 года павінна з’явіцца 6 аналагічных цэнтраў - па адным ў кожным рэгіёне. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца за кошт крэдытных рэсурсаў Сусветнага банка. Дадатковае пагадненне на 12 млн еўра паміж Сусветным банкам і Міністэрствам лясной гаспадаркі Беларусі было падпісана на пляцоўцы новага цэнтра.

Маладыя яліны з’явяцца ў хуткім часе і на галоўнай плошчы Брэста. Замест старых, якія згубілі прывабны выгляд і патрабуюць замены, на цэнтральнай плошчы горада будуць высаджаны сямігадовыя хвоі. Аптымальны тэрмін для пасадкі, на думку спецыялістаў, - красавік. 30 блакітных елак у кадках гатунку “хупсія” ўжо прывезены з фермерскай гаспадаркі Гродзенскай вобласці.

На ваенным палігоне “Брэсцкі” праходзяць сумесныя тактычныя вучэнні беларускіх і расійскіх дэсантнікаў. У маштабных трэніроўках задзейнічана каля 450 вайскоўцаў і амаль 70 адзінак тэхнікі. Адпрацоўваюцца стрэльбы, дэсанціраванне і супрацьстаянне дыверсійным групам. Актыўная фаза вучэнняў завяршылася на гэтым тыдні.

У Брэсцкай вобласці стартаваў сацыяльны праект “Я бачу!” Да канца года мабільныя брыгады ўрачоў-афтальмолагаў абследуюць больш за 13 тысяч вучняў сельскіх школ у 8 раёнах. Ініцыятары праекта - Беларускі дзіцячы фонд і кампанія-аператар сотавай сувязі. Гэта добры прыклад дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Першым ў рэгіёне праверылі зрок школьнікам Маларыцкага раёна. Паталогіі выяўлены ў 40% абследаваных дзяцей.

Новы медыцынскі цэнтр плануецца стварыць у Брэсце ў Зарэчным мікрараёне. Зараз ён на стадыі праектавання. У яго складзе будуць дарослая, дзіцячая і стаматалагічная паліклінікі, жаночая кансультацыя і шматпрофільны стацыянар. На яго базе плануецца адкрыццё і абласнога кардыёцэнтра, так як Брэсцкі рэгіён адзіны пакуль не мае такой установы здароўя.