Падарыць бацькоўскую цеплыню і пяшчоту - мэта маштабнага праекта па адкрыцці ў Беларусі дамоў сямейнага тыпу. Усе клопаты па іх будаўніцтве бярэ на сябе дзяржава. Дарослым застаецца толькі ўзяць на сябе адказнасць за выхаванне дзяцей, якія засталіся без апекі. Разам яны ствараюць новую вялікую сям'ю. У Магілёўскай вобласці іх налічваецца 50. І да адной з іх у госці завітаў Андрэй Ястрабаў.
Рэзнікі ў смятане. Вясковая страва, а для сям'і Раісы Кірпічэнкі- любімая. Сёння тут на выхаванні васьмёра дзяцей. Былы тэхнолаг лясной гаспадаркі спачатку ўзяла пад сваё матчына крыло прыёмных дзетак. Потым вырашыла прадоўжыць – вось ужо 7 гадоў, як перайшла працаваць матуляй у дзіцячы дом сямейнага тыпу.
Звычайна ў такія дамы накіроўваюць тых, хто застаўся без апекі родных бацькоў. У Касцюковіцкім раёне ён такі адзін. Аднак месца ўсім хапае - дзетак, якія спачатку нават не размаўляюць, праз некаторы час не пазнаць. І вось ужо самы маленькі Ягорка - першы памочнік на кухні.
Дзеці становяцца вельмі актыўнымі, ганарацца сваімі дасягненнямі, якіх, як і мар, у гэтай вялікай сям'і ўжо нямала.
А ў 17-гадовага Дзмітрыя добра ідзе будаўнічая справа. Таму часцей яго ўбачыш на прысядзібным участку. Таксама будуе планы. Праўда, застацца на малой радзіме, атрымаць папулярную прафесію.
Пяцёра выхаванцаў гэтага дома сямейнага тыпу сталі ўжо дарослымі. Атрымалі спецыяльнасць повара, прадаўца. Будзе хутка і педагог. Раіса Кірпічэнка ўпэўненая, і з гэтых дзетак атрымаюцца добрыя людзі.
Сёлета маці-выхавальніцы прысуджана званне «Жанчына года Беларусі» ў намінацыі «Матчына слава». Больш за паўсотні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу дзейнічаюць у Магілёўскай вобласці. Сёлета яшчэ адзін адсвяткуе наваселле ў Горацкім раёне. А значыць, яшчэ не адзін дзіцячы лёс будзе выратаваны бацькоўскім цяплом.
Звыш паўсотні дзіцячых дамоў сямейнага тыпу дзейнічаюць у Магілёўскай вобласці
25 июля 2020














