Святая Ефрасіння Полацкая - першая жанчына з нашых земляў, прылічаная да ліку святых

5 июня 2017

Яе роўна шануюць хрысціяне ўсіх канфесій. Алена Борматава - пра апякунку нашай зямлі.

Манастыр, заснаваны Ефрасінняй яшчэ ў XII стагоддзі, - адзін з самых старажытных і вядомых у свеце. Спаская мясціна і сёння пад апекай святой. Тут жыве амаль сто сясцёр. Усе насельніцы працягваюць асветніцкую справу сваёй заступніцы. Дзень памяці Ефрасінні - свята, якое духоўна аб’ядноўвае ўвесь хрысціянскі свет.

Выключны выпадак, калі святую шануюць не ў дзень яе нараджэння, а ў дзень з’яўлення перад Богам. Ефрасінні не стала менавіта 5 чэрвеня. Падчас паломніцтва ў Святую зямлю. Там жа яе і пахавалі. Аднак праз ваенныя падзеі мошчы перанеслі ў Кіева-Пячэрскую лаўру. На радзіму ў Полацк яны вярнуліся толькі праз 700 гадоў.

Манашка Фяўронія, насельніца Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра:

"Калі яны плылі на караблі "Галавачоў" па Дняпры, то людзі, шануючы святую ўгодніцу Божую, чэрпалі ваду ў бутэлькі, спявалі велічанні, вельмі старанна маліліся прападобнай. І таксама быў распрацаваны маршрут паездкі святых мошчаў. Мошчы завозіліся ў розныя гарады. Там знаходзіліся ў храмах усю ноч. Людзі бясконцым патокам ішлі да мошчаў. Усе атрымлівалі дапамогу".

Святая нарадзілася ў сям’і полацкіх князёў. Унучка Усяслава Чарадзея і Уладзіміра Манамаха атрымала выдатную адукацыю. Князёўна адмаўляецца ад свецкага жыцця і, нягледзячы на бацькоўскую забарону, вырашае прысвяціць сябе служэнню Богу.

Некалькі дзесяцігоддзяў, як полацкая Сафія з'яўляецца музеем. І, вядома, царкоўныя службы тут не праводзяць. Выключэнне робяць раз на год. 5 чэрвеня тут служаць літургію ў гонар святой Ефрасінні Полацкай. Бо менавіта сюды прыйшла 12-гадовай дзяўчынай князёўна Прадслава - свецкае імя святой. Пасля прыняцця пострыгу з імем Ефрасіння яна стала займацца перапісваннем кніг. Сказаць сёння, дзе знаходзілася тая самая келля, немагчыма, бо ў 1710 годзе Сафійскі сабор быў знішчаны, а пасля аднаўлення храм стаў зусім іншым. Менавіта такім мы яго бачым сёння.

Пасля ўрачыстай службы ў Сафійскім саборы да манастыра, заснаванага Ефрасінняй, пад малітвы сотняў вернікаў і духавенства людзі ідуць хрэсным ходам. Каб у намоленым вякамі прытулку пакланіцца святой.