Свой соты дзень нараджэння адзначае Герой Сацыялістычнай Працы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Слабада

27 августа 2020
Чалавек-эпоха! Свой соты дзень нараджэння сёння адзначае Герой Сацыялістычнай Працы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Слабада. Вайну сустрэў у баях пад Бялынічамі, пазней была бітва на Буйніцкім полі, гераічная абарона Магілёва і аперацыя "Баграціён". 

Павіншаваў ветэрана губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын і перадаў падзяку Прэзідэнта Беларусі за шматгадовую плённую грамадскую дзейнасць і значны асабісты ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі. 

Вольга Мядзведзь сустрэлася з юбілярам. Сёння дзверы ў кватэру ветэрана Вялікай Айчыннай вайны нават не зачыняюць - госці ідуць адно за адным. Першым павіншаваць са стогадовым юбілеем Аляксандра Слабаду - Героя Сацыялістычнай Працы - прыехаў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын. Сярод россыпу медалёў гэты нагрудны знак ужо будзе ў чацвёртым дзясятку. Ад кіраўніка дзяржавы і памятны гадзіннік прыйшоўся па душы імянінніку.

Рэдкі выпадак - новы пашпарт у 100 гадоў! А сакрэт даўгалецця ад ветэрана Аляксандра Іванавіча просты: правільнае харчаванне, спартыўны лад  жыцця і любоў да Радзімы.  Нягледзячы на ўзрост, тыя страшныя дні памятае, як учора. Ураджэнец вёскі Дубровы Верхнядзвінскага раёна марыў стаць лесніком, але пайшоў у трактарысты. Прызнаецца, гэтыя навыкі потым спатрэбіліся ў баі. У 1940-м прызваны ў Чырвоную армію - і вайна. Першую бітву Аляксандр Слабада прыняў пад Бялынічамі, тады яму было ўсяго 20. Думалі, што ехалі на вучэнні - трапілі на поле бітвы. 

А гэта ўзнагарода, якая выратавала жыццё нашаму герою, - ад таго яна самая каштоўная. Першы ордэн Баявога Чырвонага Сцяга ў канцы 1941 года закрыў сэрца маладога байца ад кулі нямецкага снайпера. Месца ўдару ветэран да гэтага часу абводзіць пальцам. Пра выпадак на ордэне нагадвае толькі сцёртая эмаль: быў паранены тройчы. Апошні раз цяжка, самалётам Слабаду эвакуіравалі на Вялікую зямлю. Але пасля лячэння да страявой службы быў непрыгодны. 

Займаў кіруючыя пасады ў абкамах камсамола, райкамах партыі, доўгі час працаваў старшынёй народнага кантролю БССР, быў старшынёй Мінскага абласнога Савета ветэранаў і дэпутатам Вярхоўнага савета. Аж да свайго 90-годдзя Аляксандр Іванавіч не толькі працаваў, але і рыхтаваў снасці - у якасці хобі захапляўся зімовай рыбалкай.