Свой асабісты ўклад у будучую АЭС унеслі беларускія студэнты

26 февраля 2015

Маладзёжныя  атрады прымаюць актыўны ўдзел  у добраўпарадкаванні    тэрыторыі ў Астраўцы. І сёння лепшых па выніках года ўзнагародзілі ў Мінску -  пад зводам  музея Вялікай Айчыннай вайны. Расказвае  Паліна Іванча.

 

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Бірукоў ужо дакладна  ведае, дзе будзе працаваць, як толькі атрымае дыплом. Вызначальнымі  ў гэтым рашэнні сталі два месяцы, праведзеныя на ўсебеларускай маладзёжнай  будоўлі ў Астраўцы. Сёння ж камісара будаўнічага атрада "Дзвіна" прызналі лепшым у сваёй справе.

За працу на беларускай АЭС лепшым у краіне аб'явілі  і ўвесь будатрад. Пераходзячы сцяг хлопцам і дзяўчатам  урачыста ўручыў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падчас 42-га з'езду БРСМ.

Сёння пад зводам  музея Вялікай Айчыннай вайны - студэнцкія атрады з усёй Беларусі. Шматлікія носяць імёны герояў Савецкага Саюза. Кожны схіліў свой сцяг перад тым самым, што 72 гады  назад як сімвал вызвалення беларускай сталіцы ўзнялі на будынак Купалаўскага тэатра. І толькі пасля загучалі імёны лепшых байцоў студатрадаўскага руху.

Усяго ж у 2014-ым у студэнцкіх атрадах было задзейнічана больш чым  60 тысяч беларусаў. Дарэчы, запісацца на такую службу можна ў любы дзень ва ўніверсітэце або на сайце БРСМ. Працоўнае месца гарантуе выключная навучальная паспяховасць.

Выдатнікаў па атэстаце і адначасова лепшых камандзіраў студэнцкіх атрадаў сёння асабіста павіншаваў міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў. У інтэрв'ю журналістам ён прызнаўся, што падчас сваёй вучобы ва ўніверсітэце не прапусціў ніводнага  працоўнага семестра.

І само сабою - і гэты фактар далёка не апошні - магчымасць зарабіць дадатковыя грошы. У 2014-ым байцы студэнцкіх атрадаў за сваю працу атрымалі ад 10 да 15 мільёнаў рублёў. Яшчэ адзін бонус, але ўжо гэтага года - новая геаграфія працоўных месцаў.

Андрэй Белякоў, першы сакратар ЦК БРСМ: "Не толькі Расійская Федэрацыя прадастаўляе  аб'екты, дзе будуць працаваць зводныя беларуска-расійскія атрады, але мы прапрацоўваем сёння і Казахстан. Ёсць  дамоўленасць, што нашы валанцёры будуць працаваць у Італіі, у Мілане. Ёсць дамоўленасць, што нашы хлопцы будуць працаваць на тэрыторыі Польшчы".

Статус усебеларускай будоўлі ў 2015-ым застанецца за атамнай электрастанцыяй. Вядома, узводзіць энергаблокі байцы будатрадаў  не будуць, але затое дапамогуць у стварэнні інфраструктуры на будпляцоўцы і ў самім Астраўцы. Гэтым летам ужо дакладна  вядома, там будзе зноў працаваць зводны беларуска-расійскі будатрад. Усяго ж за паўтара месяца да пачатку працоўнага семестра свой подпіс у працоўным дагаворы ўжо паставілі 30 тысяч студэнтаў.