Свае традыцыі святкавання Спаса захаваліся на Полаччыне

24 августа 2019

Подых восені. Як бы сумна гэта не гучала, але ў народзе казалі, што пасля Яблычнага Спаса, які адзначылі на тыдні, лета перадае свае права восені.  У гэтым свяце цесна перапляліся хрысціянская і народная традыцыі. На Спас у храмах асвячалі яблыкі і іншыя плады. Адсюль і назва свята – Яблычны. Па традыцыі ў гэты дзень пяклі пірагі з яблыкамі, варылі яблычнае варэнне і частавалі ім адзін аднаго. Свае традыцыі святкавання Спаса захаваліся на Полаччыне. У этнаграфічную экспедыцыю адправілася Вольга Маслоўская. Што цікавага даведалася? 

Ведаеце, на Полаччыне вераць, што менавіта ў дзень Яблычнага Спаса трэба сарваць самы вялікі плод з малога дрэва і закапаць яго пад самым старым, каб наступны год быў не менш ураджайным. Спраўджваецца гэта прыкмета ці не,  запытаемся ў вопытнага садавода. 

Калі квітнелі яблыні і грушы, у садзе Уладзіміра Клопава вясенняя пара больш нагадвала зіму. Усё было ў белых кветках. Да кожнага дрэва, а іх у садавода-аматара тысяча, падыход індывідуальны. Гаспадар нават песні некаторым спявае. Аддача адпаведная – штогод з ураджаем. Але не песняй адзінай.   

З яблыкамі і грушамі ў дзень Спаса народная традыцыя звязвае многае. У Астроўшчыне, для прыкладу, правялі абрад, як гэта рабілі продкі. Выбралі самы багаты сад і наладзілі вясёлыя народныя забавы. Хлопцы дэманстравалі сілу падчас гульні «Ператрасы». Узбіраліся на дрэвы, хто больш натрасе яблыкаў, той і самы моцны. А дзяўчыны ў гэты час варажылі на яблычнай лупіне. Неабходна было зрэзаць яе так, каб стужка не парвалася. Калі рвалася, гэта азначала, што замуж у найбліжэйшы год дзяўчына не выйдзе. 

Напрыканцы абрада з яблыкаў гатавалі варэнне на калодзе. Абавязкова клалі туды і брусніцы, каб зімовымі вечарамі нагадвалі пра водар лета. 

Напамін аб цёплай і духмянай пары пакідаў і збор зёлак. Звычайна гэта рабілі ў жніўні, калі расліны набіраліся сваіх лекавых якасцяў. Па народнай традыцыі суправаджалася ўсё песнямі. З песнямі потым рабіўся  такі прадукт ручной працы.   

Мог ён выкарыстоўвацца і ў якасці абярэга. Але толькі не ад надыходу восені.