Свае першыя ўзнагароды атрымалі лепшыя маладыя журналісты Беларусі

22 сентября 2017

Сучасныя медыя вачамі новага пакалення. Свае першыя ўзнагароды ўчора атрымалі лепшыя маладыя журналісты з усіх куткоў Беларусі. Медыяпраекты паказалі паўтары тысячы ўдзельнікаў. Барацьба ішла ў тры этапы, пачынаючы са снежня мінулага года. І вось зараз 14 лепшых работ адзначаныя запаветнай статуэткай і будуць апублікаваныя ў вядомых беларускіх газетах і часопісах.

Аляксандр Шацько, намстаршыні РГА "Белая Русь": "Шмат было вельмі цікавых, годных работ. І маладыя людзі вось там менавіта ў рэгіёнах, іх прыкмячалі галоўныя рэдактары газет. Многія з іх становяцца спецкарамі гэтых газет, хоць яшчэ вельмі маладыя".

Галіна Стральчук, пераможца конкурсу "Залатое пяро", настаўнік беларускай мовы і літаратуры: "Задумка цягнулася доўга, таму што некалькі тыдняў я абдумвала, пра што ўсё ж напісаць, і вырашыла спыніцца, вядома, на тым, з чым мне лепш за ўсё працаваць. Гэта слова. Беларускае, роднае".

За пяць гадоў існавання конкурсу апублікаваныя работы больш як 7 000 маладых пісьменнікаў і фатографаў.