Вяселле па старажытных традыцыях адразу трох рэгіёнаў Віцебскай вобласці правялі ва Ушачах

22 октября 2017

Падставай сабраць гасцей з розных куткоў паўночнага рэгіёна стаў конкурс вясельных абрадаў. Рэканструкцыю правялі па сцэнарыі вяселля пачатку 20 стагоддзя. На свяце паказалі і аўтэнтычны абрад Глыбоцкага раёна, якім сто гадоў таму задобрывалі свякроў.

Падрабязна Марына Раманоўская. У хаце нявесты – апошняя падрыхтоўка. Усе чакаюць прыезду сватоў. На стале салёныя агуркі, аладкі і абавязкова бульба са шкваркамі. Згодна рэканструкцыі, маладая родам з Ушацкага раёна. Таму з парога гасцей сустракаюць аўтэнтычнымі песнямі гэтай мясцовасці. Усё адбываецца па сцэнарыі сапраўднага вяселля пачатку 20 стагоддзя.

Згодна з традыцыямі Ушацкага раёна, на пасад нявесту вядзе брат. Пасля маладую абавязкова адорваюць. Гасцей запрашаюць да стала. Пакуль нявеста хвалюецца - у сям’і жаніха запрагаюць коней. Вясельны картэж упрыгожваюць рознакаляровымі стужкамі і бразготкамі, каб сватоў з Глыбоцкага раёна было чуваць здалёк.

У кожным раёне і нават вёсцы вяселле мела свае непаўторныя рысы. А любое дзеянне не было выпадковым. Падчас вяселля у Глыбоцкім раёне, напрыклад, абавязкова задобрывалі свякроў - падарункаў трэба было прэзентаваць поўную дзежку. Аўтэнтычны абрад глыбачане прадэманстравалі і падчас рэканструкцыі.

Вяселле - гэта яшчэ і добрая нагода для суседак абмеркаваць апошнія навіны. Звычайна “панадворныя свацці” прыходзілі з ранку і займалі не адну лаву. І менавіта ад іх залежала, якія чуткі аб вяселлі пойдуць па вёсцы: чым адарылі маладых, чым частавалі гасцей. Дарэчы, стол падчас вяселля павінен быць абавязкова багатым, каб і сямейнае жыццё было такім жа.

На святочным стале прысмакі з розных куткоў Віцебскай вобласці. Страву для сябе тут знойдзе нават гурман. Шчупак з расонскага возера, верашчаку прыгатавалі сенненскія гаспадыні, а вось гэты баран - кулінарны брэнд Пастаўскага раёна.

Напэўна, падчас сучаснага вяселля яешня прыйшлася б не даспадобы пераборлівым гасцям. Але раней гэта страва была абавязковай на вясельным стале ў многіх рэгіёнах Беларусі. Гэтаму продкі надавалі свой сэнс.

Цікавыя традыцыі мінулых часоў нярэдка ажываюць і падчас сучасных цырымоній. Вяселле па сцэнарыі продкаў - у трэндзе сярод маладых. А такія каларытныя фотаздымкі – сапраўднае ўпрыгажэнне сямейнага архіва.