Муж і жонка Варабей з Брэста прысвячаюць рэканструктарскаму руху ўвесь вольны час

2 мая 2018

Ваенна-гістарычныя рэканструкцыі ў Беларусі як экскурс у мінулае. Наша здымачная група сустрэлася з сямейнай парай з Брэста, якая настолькі захапілася гісторыяй, што прысвячае рэканструктарскаму руху ўвесь вольны час: муж і жонка самі ствараюць сабе вобразы і нават удзельнічаюць у здымках кінастужак. Расказвае Вікторыя Патоня.

Ім каля 100 гадоў. Гэта ніцяныя пальчаткі, звязаныя, мяркуючы па ўсім, са шпулечных нітак.

Элегантны прадмет гардэробу. Для Алены Варабей нават больш - сямейная рэліквія. У яе калекцыі пальчатак звыш паўсотні для розных нагод і вобразаў: баляў, прагулак па горадзе, язды на кані. Алена - мастак-мадэльер, дыпламаваны спецыяліст па гісторыі касцюма. Ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй захапілася 10 гадоў таму. Сама сабе шые адзенне, робіць аксесуары: сумачкі, капялюшыкі, вееры. Вырабы ў асноўным ствараюцца ўручную. Эскізы, як правіла, - старажытныя фатаграфіі.

У калекцыі вобразы жанчын і мужчын розных эпох: з сярэдзіны XVI стагоддзя да 60 гадоў XX стагоддзя. Рэканструктар стварае сапраўдныя музейныя копіі. Каб вырабы атрымаліся блізкімі да арыгіналу, трэба патраціць шмат сіл і часу: вывучыць дакументы, фатаграфіі, тэхналогіі крою. Важна знайсці добрае сукно і ніткі.

Апранае Алена і свайго мужа Андрэя, які ўзначальвае адзін з найстарэйшых ваенна-гістарычных клубаў Брэста. Любімыя эпохі мужа і жонкі - Першая сусветная вайна і XVII стагоддзе. Дарэчы, яны настолькі захапіліся гісторыяй, што не толькі ўзнаўляюць касцюмы і вобразы, але і здымаюцца ў гістарычных фільмах, пішуць манаграфіі, распрацавалі аўтарскія экскурсійныя маршруты.

Прымерыць салдацкую ўніформу наведвальнікі могуць у гэтым музеі ля Брэсцкай крэпасці. Былы парахавы падвал рэканструктары ператварылі ў экспазіцыйную залу. Паставілі печ-буржуйку, зрабілі нары, лаўкі - атрымаўся аўтэнтычны інтэр'ер жаўнерні пачатку ХХ стагоддзя. Электрычнасці тут няма, замест яго арыгінальныя свечачныя ліхтары.

У экспазіцыі маёмасць фонду "Фартыфікацыя Брэста". Большая частка прадметаў - наватворы. Музей інтэрактыўны, працуе на добраахвотніцкіх пачатках, пастаяннага экскурсавода пакуль няма. Да Дня Перамогі тут створаць абноўленую экспазіцыю. Андрэй Варабей падкрэслівае: рух рэканструктараў - гэта не гульня, а форма вывучэння гісторыі ў дэталях.

Андрэй і Алена Варабей перакананыя: гісторыю змяніць немагчыма, але ў сілах кожнага з нас не паўтараць памылак мінулага.