Суботні патоп у Мінску

13 июля 2013

Тэмай дня ў Мінску сёння, безумоўна, стала надвор'е. Яшчэ напярэдадні сіноптыкі афарбавалі прагноз у аранжавы колер. І сёння доўга ападкі чакаць не прыйшлося. Ліўні пачаліся з самай раніцы, і вельмі хутка паралізавалі вялікую частку горада. За паўтары гадзіны выпала палова нормы ападкаў, якая звычайна выпадае за месяц.


Першымі наступствы непагадзі адчулі на сабе аўтамабілісты. На праспекце Незалежнасці адбыўся транспартны калапс. Некаторыя ўчасткі дарог супрацоўнікі ДАІ цалкам перакрылі для аўтамабільнага руху. Людзям прыйшлося выбіраць - або перачакаць непагадзь у аўтобусе, або дабірацца пехатой. Тым больш што ад вады не было выратавання і пад зямлёй - затопленай аказалася станцыя метро Парк Чалюскінцаў.


Не толькі ў сталіцы, але і ў іншых рэгіёнах раніца сёння апынулася мокрай. І усё ж, паводле папярэдніх прагнозаў, больш за ўсё наступствы дажджу адбіліся менавіта на Мінску. Дарэчы, сіноптыкі абяцаюць дажджлівае і пахмурнае надвор'е яшчэ некалькі дзён. На заўтра па краіне таксама абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі.