Субота ў школах і гімназіях стане часам свабодных ведаў

9 февраля 2017

Дзень новых навыкаў у спорце і творчасці. У вучняў з'явіцца магчымасць падчас факультатываў атрымліваць дадатковыя веды па розных прадметах, развіваць творчыя здольнасці і падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме. І ўсё гэта пад кіраўніцтвам настаўнікаў. Бацькі таксама змогуць атрымаць тую ці іншую кансультацыю ад педагогаў ці нават далучыцца да суботніх спартыўных забаў. Падрабязна - Ян Пашкевіч.

Для гэтых маленькіх гаспадынь цеста не толькі кулінарны, але і творчы матэрыял. У школьнай майстэрні дзяўчынкі рыхтуюцца да 14 лютага - назапашваюць сувеніры для бацькоў і сяброў.

У суседнім жа кабінеце хлопцы вучацца прыручаць больш брутальныя матэрыялы - дрэва і метал. Хтосьці майструе стул, а вось Цімафей Пісарык вырашыў сабраць свой першы канструктарскі пазл - старажытны ваенны карабель.

Акрамя таго, у суботнім канструктарскім бюро збіраюць і незвычайныя трэнажоры для школьнікаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Трэнажорная зала, гімнастычныя заняткі і спаборніцтвы з удзелам бацькоў і дзяцей - кожную суботу тут і спартыўны нон-стоп.

На здзіўленне тут нават знайшліся лыжныя чаравікі майго памеру - 43. А гэта значыць, што бацькам таксама ўдасца далучыцца да снежных забаў.

Падцягнуць матэматыку або зразумець законы фізікі навучэнцам дапамогуць і настаўнікі-прадметнікі. Падрыхтавацца да паступлення ў ВНУ або нават проста дэталёва разабраць дамашняе заданне - падчас такіх суботніх экспрэс-курсаў настаўнікі адкажуць на ўсе пытанні дапытлівых вучняў.

Пры гэтым неабавязкова ўсе факультатывы пераносіць на суботу - школы разам з бацькамі самі могуць вырашаць, калі дзецям больш зручна наведваць дадатковыя заняткі. Навучальная ж праграма гэтых урокаў будзе мець выключна практычны характар - новыя ўменні і веды абавязкова дапамогуць школьнікам, у тым ліку і ў дарослым жыцці.