Студэнты-медыкі дапамагаюць урачам клінік у Мінску

19 мая 2020
Медыкам, якія на перадавой, змагацца з каранавіруснай інфекцыяй дапамагаюць студэнты медуніверсітэта і каледжа. Многія бальніцы ў Мінску перапрафіляваны і дапамога неабходна. 

Задзейнічана моладзь на розных функцыях - санітараў, медыцынскіх сясцёр, фельчараў. Ёсць і тыя, хто вырашыў стаць валанцёрам  і працуе бясплатна. А дапамога ў клініках залічваецца як вытворчая практыка. Пра будучых прафесіяналаў, ужо гатовых выратоўваць, Юлія Токар.

Міні-экскурсію па тэрыторыі 3-й сталічнай клінікі імя Клумава праводзіць17-гадовая Лізавета Раманкевіч. Малады спецыяліст дыплом фельчара-акушэра атрымае толькі летам, але ўжо сёння дзяўчына вырашыла дапамагаць урачам. Прызнаецца, што ў такой сітуацыі не магла застацца ўбаку. Таму адразу адгукнулася на прапанову. Прайшла медкамісію, перасялілася ў спецыяльна адведзены гатэль  для самаізаляцыі ад сваякоў і толькі пасля пачала працаваць.

Разам з Лізаветай працуе і Ірына Ляхновіч. Дзяўчына таксама  студэнтка медкаледжа, толькі на курс малодшая. Улічваючы спецыфіку працы, (адзін ахоўны медкасцюм чаго каштуе) з першых дзён прыдумалі асаблівыя лайфхакі. Напрыклад, з тым жа тэлефонам. 

Аляксандр Карпук, намеснік галоўнага ўрача 3-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска: "Нам патрэбна любая дапамога, у тым ліку і фізічная, у тым ліку і маральная: гэта і догляд  хворых, і прыбіранне, і суправаджэнне пацыентаў. Ды і нам, калі маладыя побач, лягчэй працуецца. А для іх гэта добрая школа жыцця".

Намеснік галоўнага ўрача  Аляксандр Карпук у медыцыне больш за чвэрць стагоддзя. У свой час таксама прайшоў сур'ёзную школу жыцця. Пачынаў з брыгады хуткай дапамогі, дзе быў фельчарам і прымаў іншы раз экстранныя рашэнні. Таму ўпэўнены: такі вопыт, праца падчас эпідэміі сусветнага маштабу для студэнтаў медуніверсітэта і профільнага каледжа  бясцэнныя. 

Анатоль Сікорскі, рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта: "Амаль 100 чалавек адгукнуліся на наш заклік. І на сённяшні дзень яны працуюць амаль па ўсіх установах аховы здароўя горада Мінска. Актыўна працуюць як на перадавой - у рэанімацыі, так і ў аддзяленнях з каранавіруснай інфекцыяй".

Дапамогу ў клініках студэнтам залічаць як вытворчую практыку. А новы вопыт, безумоўна, будзе карысны для кожнага выпускніка. І  гэты этап жыцця яны будуць успамінаць з удзячнасцю старэйшым калегам-прафесіяналам.