На будоўлях, сельгаспрадпрыемствах, у аздараўленчых лагерах і на вытворчасці. Студэнцкія атрады прыступілі да працы. У Гродзенскай вобласці больш за 4 тысячы юнакоў і дзяўчат выказалі жаданне правесці з карысцю свой летні адпачынак. Для студэнтаў гэта выдатная магчымасць не толькі зарабіць грошы, але і набыць карысныя навыкі ў самых розных сферах.
Юрый Карняловіч ацаніў маштабы студатрадаўскага руху. У сёлетнім працоўным семестры будаўнічыя студэнцкія атрады карыстаюцца найбольшым попытам. У Гродзенскай вобласці дзясяткі профільных арганізацый запрасілі на свае аб’екты моладзь. Малады мікрараён Грандзічы - самая маштабная будоўля ў Гродне. Узводзіцца ён практычна з нуля і разлічаны на пражыванне каля 20 тысяч чалавек. А таму дапамога студэнцкіх атрадаў тут заўсёды запатрабаваная.
Некалькі паверхаў гэтага дома даверылі будаўнічаму атраду Гродзенскага політэхнічнага каледжа. Праца адказная, таму брыгаду падабралі з вопытам.
Невялікая планёрка перад пачаткам працоўнага дня - і студэнцкая брыгада пачынае тынкаваць пакоі. Задача для іх не новая: юнакі і дзяўчаты - будучыя муляры. А ў будаўнічы атрад запісаліся, каб набыць практычныя навыкі. Жыллё, сацыяльная інфраструктура, дарогі - і ўсё гэта ў новым мікрараёне ўзводзіцца адначасова. На аб’ектах працуюць больш за тысячу прафесійных будаўнікоў, аднак без дапамогі студэнцкіх атрадаў, прызнаюцца спецыялісты, не абысціся.
У Гродзенскай вобласці маладых людзей, якія жадаюць з карысцю правесці летнія канікулы, ужо звыш 4 тысяч. Студатрады фарміруюцца па 7 кірунках: ад будаўнічых і педагагічных да сельскагаспадарчых і экалагічных. Запісацца ў студэнцкі атрад могуць усе жадаючыя. У гэтым працоўным семестры з’явілася магчымасць зрабіць гэта праз інтэрнэт-рэсурсы. Маладым людзям дастаткова толькі зайсці на адпаведныя сайты ці ў групы ў сацыяльных сетках і пакінуць заяўку.
Чакаецца, што сёлета ў Гродзенскай вобласці ў студэнцкіх атрадах прымуць удзел некалькі тысяч маладых людзей. А працоўны семестр будзе доўжыцца як мінімум тры месяцы.
Студэнцкія атрады прыступілі да працы
13 июня 2020













