В Молодечненском районе впервые прошел форум садоводов Беларуси

28 августа 2019

Будаўніцтва стацыянарных сховішчаў для агародніны і рэцэпты апрацоўкі пладовых дрэў ад шкоднікаў і хвароб сёння абмяркоўвалі садаводы ў Маладзечанскім раёне. Там на базе фермерскай гаспадаркі ўпершыню ў раёне прайшоў рэспубліканскі форум. На мерапрыемства з’ехаліся 100 прадпрымальнікаў з усёй Беларусі. Спачатку для гасцей арганізавалі тэарэтычныя заняткі. Затым семінар прадоўжылі ў садзе, дзе праводзілі эксперыменты непасрэдна на месцы працы.

Фермерская гаспадарка пад Маладзечнам   - адна з самых буйных у вобласці. Ураджай яблыкаў тут збіраюць з 60 гектараў. Нядаўна гаспадары адважыліся на эксперымент  - абнавілі пасадкі карлікавымі пародамі дрэў.

Падрабязна  ў сюжэце Наталлі Кезік.

Мінімальная колькасць дотыкаў - галоўны сакрэт захавання ўраджаю яблыкаў. У фермерскім садзе пад Маладзечнам плады з дрэў здымаюць выключна рукамі і абавязкова ў пальчатках. Практыку такога беражлівага збору ўраджаю тут увялі год таму. 

Да спажыўцоў сёлета плануюць адправіць прыкладна тысячу тон яблыкаў. Ураджай толькі пачалі збіраць. Паўсотні работнікаў здымаюць яблыкі з саду плошчай  60 гектараў. Упершыню сёлета свае плады дала і эксперыментальная пляцоўка. 

Цяпер у садзе пад Маладзечнам аддаюць перавагу карлікавым сартам яблыкаў. Такія дрэвы можна садзіць удвая часцей, суадносна атрымліваць і большы ўраджай. Напрыклад, зараз на гэтай яблыні 5-7 кілаграмаў пладоў, праз 3 гады лічба вырасце да 25 кілаграмаў. 

Таму ў найбліжэйшы час фермеры плануюць абнавіць свае пасадкі, стары дзесяцігадовы сад замяніць на невялікія, але пладавітыя дрэвы і павялічыць іх колькасць на адным гектары ўтрая. А для большых аб’ёмаў ураджаю пабудаваць асобнае сховішча для агародніны  з сучаснай сістэмай захавання. 

Якраз будаўніцтва сховішчаў для агародніны сёння таксама абмяркоўвалі на рэспубліканскім форуме садаводаў. Ён, нягледзячы на гарачую пару для садаводаў, прайшоў сёння на базе фермерскай гаспадаркі пад Маладзечнам. Пакуль па заканадаўстве садаводы могуць будаваць толькі разборныя сховішчы побач з садам.

Абмеркавалі разам і эфектыўныя сродкі барацьбы з садовымі шкоднікамі і хваробамі дрэў. Іх на сёння спецыялісты налічваюць дзясяткі, а эфектыўнасць барацьбы залежыць ад рэгіёна і нават надвор’я. 

У Маладзечанскім раёне такі семінар прайшоў упершыню. Але тэарэтычныя і практычныя заняткі аказаліся вельмі карыснымі для вопытных фермераў. Таму вырашылі, што на размову ва ўласных садах збірацца варта як мага часцей, незалежна ад рэгіёнаў.