Будаўнічая сфера ў цэнтры ўвагі сталічных улад

11 июня 2015

Паказчыкі яе эфектыўнасці сёння абмяркоўвалі на пасяджэнні Мінгарвыканкама з удзелам намесніка Прэм'ер-міністра Наталлі Качанавай. Як адзначылі кіраўнікі горада і краіны, найбольш складаная сітуацыя зараз ў дзяржаўным вытворчым аб'яднанні "Мінскбуд" - аб'ёмы будаўніча-мантажных работ скараціліся на 20 працэнтаў, пры гэтым расце і дэбетарская запазычанасць. Па ўсіх арганізацыях "Мінскбуда" сума ўжо перавысіла 800 мільярдаў рублёў. Кіраўніцтва сталіцы запатрабавала аператыўна знайсці механізмы вырашэння гэтай праблемы. У прыватнасці, не чакаць буйных заказаў ад горада, а шукаць іх самім.

Віктар Лапцеў, намеснік старшыні Мінскага гарвыканкама: "На сёння сітуацыя ў будаўнічым комплексе істотна адрозніваецца ад той, што была літаральна год таму. У сувязі са скарачэннем будаўніча-мантажных прац, магутнасцяў бударганізацый у лішку. Іх эфектыўная праца сёння як ніколі залежыць ад эфектыўнай арганізацыі, каардынацыі з боку гарадскіх структур, ад скарачэння выдаткаў і аптымізацыі структуры".

Адзначым, "Мінскбуд" найбуйнейшая арганізацыя будаўнічай галіны Беларусі. Гэта асноўны выканаўца праграмы па ўзвядзенні жылля і галоўны генпадрадчык на будаўніцтве сацыяльных аб'ектаў сталіцы.