Вартавыя парадку працягваюць падрыхтоўку да правядзення II Еўрапейскіх гульняў

31 мая 2019
Іх задача - гарантаваць бяспеку гасцей і спартсменаў,  узяць на кантроль дарожнае становішча падчас міжнароднага спартыўнага форуму. Да якіх сітуацый гатовыя праваахоўнікі - даведаемся ў Лізаветы Лакоткі.

Каб II  Еўрапейскія гульні прайшлі не толькі маляўніча, але і спакойна, да падзеі рыхтуюцца і сілавыя ведамствы. Бяспеку на форуме будуць гарантаваць тысячы беларускіх праваахоўнікаў. Калі спатрэбіцца, у сталіцу прыедуць супрацоўнікі з рэгіёнаў. 

Сёння сілавікі сочаць за бяспекай у акваторыі Заслаўя. Тут праходзіць тэставы турнір па веславанні на байдарках і каноэ да II Еўрапейскіх гульняў. Па выніках заездаў трэнер адбярэ экіпажы, якія прадставяць нашу краіну на спартыўным форуме. 

А задача праваахоўнікаў - забяспечыць ахову грамадскага парадку, кантраляваць перыметр аб'екта, а таксама шукаць забароненыя прадметы. Напрыклад, сёння адпрацоўвалі сітуацыю, калі ў аднаго з наведвальнікаў знайшлі нож.

Вяслярны канал - самы далёкі пункт II  Еўрапейскіх гульняў. Адлегласць ад Мінска - 27 кіламетраў. Даўжыня воднай роўнядзі 2150 метраў. Тут веславанне на байдарках і каноэ будзе праходзіць на 9-ці дарожках. Спаборніцтвы ў Заслаўі будуць праходзіць тры дні, разыграюць 16 камплектаў узнагарод.

Інфармацыя пра тое, колькі сілавікоў будзе працаваць на аб'ектах, сакрэтная. Аднак праваахоўнікі пераконваюць, што гэтай колькасці хопіць, каб гарантаваць бяспеку. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя