Стратэгію супрацоўніцтва на паўднёвым полюсе абмяркоўваюць сёння ў Мінску

15 июля 2014

Стратэгію супрацоўніцтва Беларусі і Расіі на паўднёвым полюсе планеты абмяркоўваюць сёння ў Мінску.


З афіцыйным візітам у сталіцу прыбылі прадстаўнікі Інстытута Арктыкі і Антарктыкі Расгідрамета. У Мінску запланаваны шэраг рабочых сустрэч, у тым ліку з кіраўніцтвам Акадэміі навук, Мінпрыроды і Міжведамаснай камісіі па пытаннях Антарктыкі. Галоўнай тэмай абмеркавання стане будаўніцтва на шостым кантыненце аўтаномнай беларускай палярнай станцыі. Рэалізацыя праекта запланаваная на найбліжэйшыя гады, і зараз вырашаецца пытанне наконт транспарціроўкі модуляў для канструкцыі базы.


Аляксей Гайдашоў, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў НАН Беларусі: Наша супрацоўніцтва не вузкаспецыялізаванае, не толькі навука і лагістыка. Гэта вялікае звяно ў агульным стратэгічным супрацоўніцтве з РФ, і разглядаецца менавіта так. Якраз міжурадавае пагадненне паміж Беларуссю і Расіяй і вывела нашы адносіны на больш высокі якасны ўзровень.


Нагадаем, Масква і Мінск заключылі міжурадавае пагадненне аб супрацоўніцтве ў Антарктыцы летась у сакавіку. Праграма візіту расійскай дэлегацыі вельмі насычаная. Плануецца абмеркаванне навукова-даследчых праграм, лагістыка і абмен спецыялістамі. Стратэгія развіцця адносін будуецца на найбліжэйшыя тры гады.