Стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні Захад-2013 завяршыліся

27 сентября 2013

Кульмінацыйная частка маштабных манеўраў адбылася напярэдадні на двух палігонах - пад Гроднам і ў Калінінградскай вобласці. У заключнай фазе прынялі ўдзел прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Упершыню адпрацоўвалася міжвідавае ўзаемадзеянне рэгіянальнай групоўкі войскаў з прыцягненнем сіл ВМФ Расіі. Завяршальным пунктам на карце вучэнняў стаў палігон Хмялёўка пад Калінінградам. На балтыйскім узбярэжжы працавалі нашы карэспандэнты. Усе падрабязнасці ў Сяргея Хамянтоўскага.



Браты па зброі і на моры разам. Дзве арміі на гэтых вучэннях маюць статус раўнапраўных партнёраў, аб'яднаных адной мэтай - навучыцца разам адбіваць любую знешнюю агрэсію.


На ўмоўным полі бою дапамагае багаты вопыт папярэдніх манеўраў. Пасля Захаду-2009, Шчыта Саюза - 2011 Захад-2013 ужо трэція сумесныя вучэнні. Наконт таго, якое значэнне гэтым манеўрам надаюць у Маскве і Мінску, можна меркаваць па наступным факце: на актыўную фазу вучэнняў і ў Калінінградскую вобласць прыляцелі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. У вёсках, паводле легенды, размясціліся базавыя лагеры ўмоўных незаконных узброеных фарміраванняў. Для стварэння карціны сучаснага гарадскога бою ў населеных пунктах узвялі больш за 50 макетаў жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў. Задача балтыйскім марпехам і віцебскім дэсантнікам - населеныя пункты вызваліць.


Бой у горадзе адносіцца да катэгорыі баявых дзеянняў у складаных умовах. Калі ў былыя гады ў беларуска-расійскіх сумесных манеўрах задзейнічалі сухапутныя часці і авіяцыю, то зараз да іх далучыўся ваенна-марскі флот.


Гэтыя кадры без перабольшання ўнікальныя - беларускія блакітныя берэты ўпершыню высаджваюцца з мора на ўзбярэжжа самага вялікага ў свеце дэсантнага карабля на паветранай падушцы. Мардовія можа перамяшчацца па зямлі, балотах і высаджваць дэсант у глыбіні абароны праціўніка.


На Балтыцы віцебскіх дэсантнікаў са 103-й брыгады жартам завуць марскімі пехацінцамі. Да Піцера блакітныя берэты дабіраліся воінскім эшалонам, адтуль на вялікіх дэсантных караблях у Калінінград. Падчас двухдзённага пераходу нават паўдзельнічалі ў вучэннях па абароне карабельнага ордара. Усяго на тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічана больш як 9 тысяч салдат і афіцэраў, у тым ліку дзве сотні з Беларусі. У вучэбныя бітвы камандзіры кінулі каля 180-ці адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту. Браты па зброі паспяхова грамяць дыверсантаў і тэрарыстаў, якія трапілі на нашу тэрыторыю з боку ўмоўнай дзяржавы. Такія сумесныя дзеянні ў акваторыі Балтыйскага мора для беларускай арміі ўпершыню. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін задаволеныя дзеяннямі войскаў.


Блакіраваныя тэрарысты знішчаныя, пажар, што ўзнік пасля бою, тушыць авіяцыя МНС. Вучэнні завершаныя. Адзнака выдатна. Трэція сумесныя манеўры не сталі радавымі ў акваторыі Балтыйскага мора: упершыню адпрацавана міжвідавае ўзаемадзеянне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі і ваенна-марскога флоту. Зладжаныя дзеянні дзвюх армій паказалі: воіны на полі бою гавораць на адной мове. Гэта дарагога вартае.