Краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. XXVI форум праходзіць у Слоніме

1 сентября 2019

Сёлета сталіцай урачыстасцяў XXVI форуму стаў адзін з найстаражытных гарадоў на нашых землях, цэнтр культурнага і духоўнага жыцця - Слонім. Другі дзень на прамой сувязі са студыяй наш карэспандэнт Вольга Мядзведзь (прамое ўключэнне).

Мы знаходзімся ля галоўнай сцэны, дзе і адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця. Тэатралізаванае дзейства  пад назвай "Зямля мая беларуская" распавядзе і пакажа самыя яскравыя моманты з гісторыі Слонімшчыны.

Не забываем і пра тое, што сёння Дзень ведаў. У Слоніме спалучылі адразу два святы. Першакласнікаў урачыста павіншавалі ў гарадскім парку і ўручылі падарункі ад Прэзідэнта.

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў гістарычным цэнтры Слоніма ўсталявалі помнік выбітнай асобе - Льву Сапегу. Некалі выдавец Статута Вялікага Княства Літоўскага быў старастай старажытнага Слоніма, і пры ім мястэчка актыўна развівалася. Літаральна гадзіну таму адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка. Бронзавая статуя разам з гранітным пастаментам у вышыню перавышае 4 метры.

Адразу пасля прэзентацыі помніка Льву Сапегу пачалося ўрачыстае шэсце, якое традыцыйна папярэднічае адкрыццю. Калона ўдзельнікаў і гасцей прайшла па цэнтральнай вуліцы з песнямі і танцамі, тым самым паказваючы значнасць мерапрыемства.

Для тых, у каго не атрымалася прыехаць  гэтымі святочнымі выхаднымі ў Слонім, нашы калегі - тэлеканал "Беларусь 3" - ужо пачалі прамую трансляцыю цырымоніі адкрыцця. А ўвечары, а восьмай гадзіне, пакажуць  закрыццё форуму.