Краіна рыхтуецца да Дня Незалежнасці

26 июня 2018

Якімі б ні былі моцнымі спробы асобных краін перапісаць гісторыю, у Беларусі памятаюць сваё мінулае і адносяцца да яго з павагай. Да галоўнага свята краіны - Дня Незалежнасці - застаецца тыдзень. 3-га ліпеня ўрачыстасці ахопяць усе рэгіёны Беларусі, але асноўная ўвага будзе прыкавана да парада ў сталіцы на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў. Тысячы студэнтаў і вайскоўцаў, дзясяткі адзінак баявой тэхнікі, самалётаў і верталётаў. Дарэчы, упершыню ў шэсці возьме ўдзел жаночы полк. Сёння адбылася першая open-air рэпетыцыя тэатралізаванага і паветранага эпізодаў.

Якімі фігурамі здзівяць сёлета студэнты і авіятары, ведае Вольга Мядзведзь.

Дзяржаўны флаг нашай краіны стане самай масавай і відовішчнай фігурай тэатралізаванага эпізоду сёлета. 1200 удзельнікаў створаць 3Д-эфект флага, што калыхаецца на ветры, як у тэлеверсіі, так і для гледачоў на трыбунах.

Такую ілюзію створаць аб'ёмныя касцюмы герояў пастаноўкі. У колерах беларускага флага выкананы не звыклыя бейсболкі, а капелюшы-панамы з палямі. Новым элементам у экіпіроўцы стануць і крылы з лёгкай тканіны. Акантавана ўсё дзейства золатам. Абноўлены колер флагаў зайграе пад сонцам і дадасць феерычнасці.

Безумоўна, асноўнай тэмай усіх урачыстасцяў стане Год малой радзімы. "Мой родны кут" - такая назва тэатралізаванай часткі. У сувязі з гэтым упершыню адбудзецца парад гарадоў і населеных пунктаў. Гэта асобныя замалёўкі, дзе валанцёры створаць са шчытоў усе афіцыйныя гербы ў нашай краіне. А кульмінацыя - прэзентацыя новага хіта ад Іны Афанасьевай.

Святкаваць краіна пачне яшчэ напярэдадні. "Дзень вышыванкі" ля Палаца спорту і вялікі канцэрт майстроў мастацтва "Валошкавае неба" ў Палацы Рэспублікі.

Як і студэнты, сёння сваё майстэрства адточвае і авіяцыя. 3-га ліпеня мінчане і госці сталіцы ўбачаць транспартныя верталёты Мі-8, ударныя Мі-24, следам у паветраным эшалоне Ка-52 ваенна-касмічных сіл Расіі. Таксама ў небе праляцяць знішчальнікі МіГ-29, Су-30, Су-34, штурмавікі Су-25, ваенна-транспартны Іл-76, самалёты Ан-26, Як-130.

Прагон паказальнага выступлення паветраных сіл запланаваны на пятніцу і суботу. Авіяэшалон пераляціць на трэніроўкі ў межы горада. А пакуль дарослы склад парада ўжо прапрацоўвае кожны элемент шоу пад адкрытым небам, у дзіцячай групы працягваюцца рэпетыцыі на закрытай пляцоўцы футбольнага манежа.

Генеральная здача тэатралізаванага эпізоду запланавана на 14:30 30 чэрвеня. У той час як ваенную частку парада можна загадзя ўбачыць 28 чэрвеня ў 10 вечара.