Краіна рыхтуецца да рэспубліканскага суботніка

14 апреля 2016

Дарэчы, гэтай традыцыі амаль 100 гадоў. Упершыню ён прайшоў 12 красавіка 1919 года. Праўда, у нашы дні савецкае слова "суботнік" набыло новую афарбоўку. Заробленыя грошы накіроўваюцца на ахову здароўя, дапамогу дзецям, будаўніцтва важных аб'ектаў. Дзякуючы працы на суботніках зроблена вельмі шмат. Напрыклад, пабудаваная Нацыянальная бібліятэка, адноўленыя помнікі воінскай і партызанскай славы. Адчыненыя сучасныя медыцынскія цэнтры. Пра тое, як суботнік становіцца пачаткам вялікіх будоўляў і рэканструкцый - Андрэй Ястрабаў.

Штодня ў магілёўскі цэнтр экстраннай дапамогі звяртаюцца сотні чалавек. Няшчасныя выпадкі, інфаркты, траўмы. За час яго працы атрымалася выратаваць дзясяткі тысяч жыццяў.

Ва ўнікальным для Беларусі цэнтры сабраныя разам усе дасягненні экстраннай медыцынскай дапамогі. Ад абследавання да аператыўнага ўмяшання. Эндаскапія, рэанімацыя, сучаснае рэнтген-абсталяванне.

Асаблівасць гэтага абсталявання ў тым, што працаваць яно можа кругласутачна. Напрыклад, гэтаму камп'ютарнаму тамографу неабходна ўсяго 5 хвілін для перапынку. Затым - ізноў у працу.

Будаўніцтва корпуса, яго абсталяванне стала магчымым менавіта дзякуючы суботнікам. Частка сродкаў ад якіх і пайшла на стварэнне адзінага ў сваім родзе цэнтра. Таксама ў Магілёве адкрыўся дзіцячы хоспіс і абнавіліся дзіцячыя базы адпачынку.

Валерый Малашка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама: "Летась жыхарамі вобласці зароблена 7 млрд. 200 млн. рублёў. 50% гэтых сродкаў вярнулася назад у рэгіён. І тыя мэты, на якія яны былі скарыстаныя, яны апраўданыя".

Маштабная рэстаўрацыя Кургана Славы пачалася год таму. Другое жыццё мемарыяльнаму комплексу падарылі жыхары Мінскай вобласці, а ўвасобіць ідэю дапамагла Федэрацыя прафсаюзаў. Грошы, сабраныя за час рэспубліканскага суботніка, пайшлі на рэканструкцыю комплексу. Адрэстаўраваныя барэльефы, мазаіка і прыступкі. На схілах кургана з'явілася новае травяное пакрыццё. Цалкам абнавілі і светлавое афармленне: зараз курган акружаны сотняй святлодыёдных лямп.

Рэканструкцыя мемарыяла "Трасцянец" прайшла, у тым ліку, дзякуючы суботнікам. За гады вайны тут, у чацвёртым па велічыні лагеры смерці Еўропы, загінулі дзвесце тысяч чалавек.

У шматлікіх рэгіёнах ужо прайшлі так званыя рэпетыцыі суботніка. Калі працоўныя калектывы, не чакаючы 23 красавіка, выйшлі на пасадку алей, добраўпарадкаванне сквераў і дзіцячых пляцовак.

Сёлета ва ўдзельнікаў рэспубліканскага суботніка не менш грандыёзныя планы. Сабраныя сродкі плануюць накіраваць, у тым ліку, і на завяршэнне будаўніцтва моладзевага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Будаўніцтва гомельскай дзіцячай клінічнай бальніцы і добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь".