Краіна цудаў і вясновага настрою

26 февраля 2016

Hand-made выстава «Млын» аб'яднала больш за 500 аматараў народнай творчасці з усёй краіны. Акрамя продажу сувеніраў, аксесуараў і адзення, для наведвальнікаў працуюць майстар-класы па фларыстыцы, дэкупажы, скрапбукінгу, лэмпворку і лепцы. Творчы перформанс адной з першых наведала Наталля Кузьміцкая.

Пётр Салейка працуе з глінай. Хаця на першы погляд яго мудрагелістыя сувеніры і нагадваюць вырабы ў стылі сцімпанк.

Мяккія і цёплыя, гэтыя карціны абавязкова нагадаюць пра свет бесклапотнага дзяцінства. Ірына Калеснікава намалявала свае пейзажы не фарбамі. Майстар працуе з лямцам. За 5 гадоў жанчына стварыла больш за 300 аб'ёмных твораў з воўны, якія сёння ўпрыгожваюць інтэр'еры як у Беларусі, так і ў іншых краінах свету.

Прыемным сюрпрызам для наведвальнікаў стаў удзел у выставе і беларускіх артыстаў. Сёння ў незвычайным амплуа спявачка Галіна Шышкова. Яна прэзентавала вясновую калекцыю аксесуараў, а яе калега па сцэне Венера – сукенкі і паліто ўласнай дызайнерскай маркі.

Каб азнаёміцца з работамі ўсіх майстроў, спатрэбіцца не адна гадзіна. Штогод арганізатары імкнуцца акунуць у казачны свет «Млына» ўсё больш людзей.

Наведвальнікаў выставы, якая будзе працаваць усе выхадныя, традыцыйна чакаюць і творчыя майстар-класы, дзе кожны зможа зрабіць сувенір сваімі рукамі ў самых разнастайных тэхніках.