Сталіца ў поўным аб'ёме сфарміравала харчовы стабфонд на міжсезонны перыяд

25 ноября 2013

Гэта неабходна для таго, каб забяспечыць бесперабойную пастаўку прадуктаў у магазіны, шлолы і бальніцы да вясны наступнага года.


Аляксей Кандраценка даведаўся, дзе шукаць беларускія яблыкі, а таксама ўбачыў ўмовы захавання зімой мясной прадукцыі. Прагнозы сіноптыкаў на гэтай тэрыторыі ніколі не распаўсюджваюцца. Стабільныя мінус 20 і летам і зімой. Для мяса сапрадўныя курортныя ўмовы захоўвання.


Загадчыца склада Мінскага холадакамбіната Алена на працы, як у крыясауне. Пакуль сочыш за правільнасцю захоўвання прадуктаў у халадзільных камерах, мароз дабратворна ўплывае на здароўе. Галоўнае - ведаць меру і ўмела спалучаць плюс з мінусам.


Кожны дзень больш за сто сталічных магазінаў атрымліваюць груз з гэтых гіганцкіх халадзільнікаў. Свініна, ялавічына, птушка, сыр, масла. Усяго дзясяткі відаў прадукцыі.


Валерый Ліпкін, дырэктар УП Мінскі холадакамбінат № 1: Закладка стабфонду - гэта гарантыя стабільнага забеспячэння горада. Напрыклад, з-за завеі і снегападаў пастаўшчыкі не могуць прыехаць. У гэты час мы нясём павялічаную нагрузку. Таксама ў святочныя дні мы павялічваем рэалізацыю мясной прадукцыі.


У бульбы, агародніны і садавіны, вядома, іншы тэмпературны рэжым захоўвання. Затое аб'ёмы такія, што дакладна хопіць усім.


Аляксей Раманаў, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку Мінскага гарвыканкама: Сёлета нарыхтавана больш як 21 000 тон бульбы, 23 000 тон гародніны і 6 000 тон яблыкаў. Распрацаваныя графікі выдзялення стабфондаў. Створаныя ўмовы дазволяць нам да мая пастаўляць на прылаўкі магазінаў прадукцыю раслінаводства.


Першая вялікая праверка стабфондаў на трываласць не за гарамі. У сталіцы пачаўся пераднавагодні гандаль. Склады і сховішчы гатовыя працаваць кругласутачна. Так магазіны заўсёды змогуць парадаваць мінчан гастранамічнай разнастайнасцю.