9 тысяч стракатых флажкоў, 200 калядных званочкаў, 3D-шары і бігстэнды паступова з’явяцца на вуліцах Мінска. На распрацоўку аздабленняў спатрэбіліся амаль тры месяцы. Сёлета павялічылася і колькасць ёлак - да 24. Іх упрыгожаць паўтары тысячы навагодніх шароў. За падрыхтоўкай горада да свята сочыць Юлія Токар.
Тры месяцы падрыхтоўкі, сотні гадзін бесперапыннай працы - усё дзеля трох тыдняў чараўніцтва. Сталіца прымярае навагодні ўбор. Уздоўж галоўных праспектаў - Незалежнасці і Пераможцаў - з'явіцца больш за 700 пілонаў, на Кастрычніцкай плошчы - 3D-шары, білборды і аб’ёмныя дэкаратыўныя канструкцыі. Сёлета ў Мінску вырасла і больш навагодніх ёлак - ажно 24, зараз кожную аздабляюць каляднымі званочкамі, пластыкавымі бантамі, бліскучымі шарамі, якіх, дарэчы, будзе амаль 2 тысячы.
Сяргей Праляскоўскі, намеснік дырэктара па вытворчасці ДП "Мінскрэклама": "На гэты момант завяршаем мантаж на ёлках. Усяго ў нас 18 пляцовак, будзе 24 ёлкі. Самая маленькая - 4 метры, самая высокая на плошчы - гэта галоўная - больш як 30 метраў".
Напрыклад, убранне для гэтай 16-мятровай ёлкі каманда Віталя Пехава рыхтавала пяць гадзін. Кожнае ўпрыгажэнне мацуюць акуратна, каб вецер нічога не пашкодзіў.
Да канца тыдня фасад педагагічнага ўніверсітэта ўпрыгожыць святочнае пано. На плошчы 720 квадратных метраў з’явіцца больш за 8 тысяч стракатых рознакаляровых флажкоў. Дарэчы, умацоўваць спецыялісты іх будуць уручную.
Эфект навагодняга чараўніцтва створаць і светлавыя тэхналогіі: спецыяльныя плёнкі, святлоадбівальныя матэрыялы і металічныя панэлі. Такое ноу-хау выкарыстоўваюць ўпершыню. І нават прынцып 3D-аб’ёму можна будзе заўважыць і на ўпрыгажэнні галоўнай ёлкі краіны.
Кастрычніцкая плошча зазіхаціць і дзякуючы дзвюм дэкаратыўным свечкам. Металічныя канструкцыі вельмі складаныя. Кожная пластыкавая сняжынка абклеена лінзавай плёнкай і вечарам будзе падсвечвацца рознакаляровымі пражэктарамі. Аздабленне горада цалкам завершыцца ўжо ў гэтыя выхадныя.













