Сталіца рыхтуецца сустрэць Дзень Незалежнасці

26 июня 2019

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ў розных кутках краіны прайшлі дзясяткі мерапрыемстваў. Усе іх аб'ядноўвае адзін лейтматыў - "Беларусь памятае". Кульмінацыяй гэтага памятнага марафона стане 3 ліпеня. У Мінску разгорнуцца дзясяткі лакацый. Выставы, канцэрты і, вядома, ваенны парад. Сёлета ён пройдзе ўвечары. Афіша Дня Незалежнасці - у рэпартажы Аляксандры Кавеліч. 

Пакуль госці і балельшчыкі падхапляюць спартыўныя рытмы, сталіца ў чаканні і самага знакавага свята. 3 ліпеня сёлета - дата асаблівая ўдвая. Дзень Незалежнасці аб'яднае 75 гадоў памяці, а разам з тым і тысячы гісторый аб адданасці роднай зямлі. 

Аповеды аб тых самых, пакуль яшчэ невядомых гераічных лёсах, некалькі месяцаў збірала каманда актывістаў. Удзельнікі "Марафона 75" падарожнічалі па розных кутках краіны, каб стварыць памятны альбом, кожная старонка якога - прыклад мужнасці. 

Гатовы альбом прадставяць у Дзень Незалежнасці на патрыятычным шэсці "Беларусь памятае" - яно і адкрые праграму 3 ліпеня. А каб Мінск цалкам пагрузіўся ў атмасферу свята, спартыўны вобраз сталічных вуліц дапоўніць тэматычны дэкор.