Сталіца рыхтуецца да юбілейных урачыстасцяў

26 июня 2014

Дарэчы, сёння - роўна 40 гадоў, як Мінск стаў горадам-героем. Падрыхтоўка да парада ў гонар Дня Незалежнасці перайшла ў актыўную і самую відовішчную фазу. Да месца правядзення генеральнай рэпетыцыі накіравалася ваенная тэхніка. Гэта амаль 250 баявых машын. Калона даўжынёй больш за паўтара кіламетра выехала з ваеннага гарадка Уручча і прайшла да праспекта Пераможцаў. А вось пад Мінскам прайшла першая рэпетыцыя паветранай калоны. У нябесным страі пойдуць не толькі цывільныя, але і баявыя самалёты і верталёты. Адзначым, што ўпершыню ў святкаванні Дня Незалежнасці Беларусі будуць удзельнічаць і расійскія авіятары. За кулісы вялікага свята зазірнуў Дзмітрый Лукша.


Сёння мінчанам падарылі ўнікальную магчымасць. Людзі змаглі ўбачыць, якім будзе свята сёлета. У пяць гадзін вечара на цэнтральны праспект сталіцы выйшаў гонар айчыннай арміі - амаль 250 адзінак ваеннай тэхнікі. Як вядома, танкі бруду не баяцца. А вось умоўны святочны паркет можа прымусіць пахвалявацца. Нягледзячы на габарыты гэтых машын, іх выступленне падобна працы ювеліра.


Сёлета на некалькі хвілін у строй ізноў стануць сапраўдныя легенды. Танкі Т-34, Т-38, Т-60. Побач з гэтымі ветэранамі будуць ісці і іх пераемнікі, сучасныя мадэлі. Пры тым не толькі з беларускай прапіскай. 3 ліпеня беларусы змогуць убачыць тэхніку нашых найбліжэйшых суседзяў - расіян. РК Іскандэр, С-400 Трыумф і бронемабілі Тыгр. І сёння госці таксама ўпершыню выпрабавалі маштабную сталічную сцэну.


Галоўнай асаблівасцю парада стане яго адкрыццё. Старт святу дасць не пешая калона, як было раней, а паветраная феерыя. Мінчане і госці сталіцы змогуць назіраць сапраўдны бравы марш баявой тэхнікі ў небе. Авіястрой пройдзе на вышыні 300 метраў. Сёлета нябесны штат пашырылі.


Ігар Голуб, намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА Узброеных Сіл Беларусі: У парадзе будзе ўдзельнічаць чацвёрачка баявых верталётаў К-52, просты люд іх заве Алігатарамі. І 4 самалёты Су-34. Гэта франтавыя бамбардзіроўшчыкі. Якія таксама будуць першы раз паказаныя ў небе над Мінскам.


Характэрна, што асы таксама прыляцелі ў Мінск на некалькі дзён з Расіі. Раней яны трэніраваліся на родных аэрадромах. Сёння ўпершыню апрабавалі аблокі беларускага неба.


Анатоль Столбінскі, намеснік камандзіра Варонежскага авіяцыйнага палка: Падрыхтоўка адбывалася ў нармальным штатным рэжыме. Для нашага лётнага складу гэта не першая задача такой важнасці. Таму падрыхтаваны склад у поўным аб'ёме.


Сёння зямля і паветра злучацца ў святочным парыве. Ля стэлы Мінск - горад-герой пройдзе генеральная рэпетыцыя. Нягледзячы на досыць позні старт, прагляду марша цемра не перашкодзіць.