Сталічны рынак нерухомасці перажывае сезонны ўздым

20 мая 2019

Аналітыкі адзначаюць ажыўленне пасля складанай зімы: колькасць здзелак за  гэты час была рэкордна нізкай за апошнія 10 гадоў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года - спад 30 %. Вясна ж паказала павышэнне попыту на квадратныя метры, прычым як у новабудоўлях, так і на другасным рынку. З чым звязана змена сітуацыі,  і як сёння сябе адчувае сталічны рынак нерухомасці? Разбіраўся Антон Малюта

Аднаўленні выдачы крэдытаў на набыццё другаснага жылля беларусы чакалі амаль паўгода. У красавіку найбуйнейшы банк зноў даў такую магчымасць. Пазыкі выдаюць пад амаль 15,5 %. У параўнанні з 2018 годам стаўка пайшла ўверх. А вось колькасць ахвотнікаў, па меркаванні аналітыкаў, знізілася. У такой сітуацыі забудоўшчыкі не рызыкуюць і прытрымліваюць цэны. 

Павел Астапеня, дырэктар агенцтва нерухомасці: "У цэлым, і першасны, і другасны рынак сёння рухаюцца ў адным кірунку - гэта невялікае, падкрэсліваю, невялікае, паніжэнне цаны. Гэта значыць, глабальных тут скокаў няма, як гэта было ў 2015 годзе, калі рынак паў вельмі сур'ёзна".

Што да новабудоўляў, сёння спажыўцы аддаюць перавагу ўкладвацца ў такое жыллё яшчэ на стадыі катлавана. У першую чаргу, гэта датычццца дамоў, якія  размешчаны ля станцый метро. Цэны на першых этапах будаўніцтва значна ніжэйшыя, не палохаюць нават доўгае чаканне запаветных квадратных метраў і рызыкі, звязаныя з пераносам тэрмінаў здачы дома. 

Вясновай навіной на рынку нерухомасці стаў 473-ці ўказ Прэзідэнта. Дакумент запрацаваў  толькі ў сакавіку, але аналітыкі ўжо адзначаюць эфектыўнасць такога інструмента абароны правоў дольшчыкаў. Грошы спажыўцоў зараз паступаюць на спецыяльны рахунак у банку, а значыць, далей ідуць на будаўніцтва пэўнага аб'екта.

Такая  практыка будзе ўведзена і ў Расіі. Дарэчы, у суседзяў зараз абмяркоўваецца адмова ад долевага будаўніцтва на карысць іпатэкі, у нас таксама разглядаюць такую магчымасць. Час меркаванага запуску - 2021 год. Праект указа ўжо гатовы, наперадзе - грамадская дыскусія і ўзгадненне з дзяржорганамі. Забудоўшчыкі такую меру сустрэлі з пазітывам. 

Вадзім Тачкін, член Асацыяцыі забудоўшчыкаў аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва Беларусі: "Мы прыйдзем да такой схемы працы забудоўшчыка, якая мяркуе будаўніцтва жылля на продаж. Трэба заўсёды разумець, што гэта залежыць ад крэдытавання. Банку адназначна бяспечней размеркаваць гэты аб'ём грашовых сродкаў сярод дольшчыкаў.  Мноства фізічных асоб, якія ўзялі крэдыты пад даручальніцтва, пад заклад нерухомасці, для банка бяспечней, чым адна пэўная камерцыйная фірма, якая будуе шматкватэрны жылы дом".

Пабудаваць жыллё прапаноўваюць і ў гарадах-спадарожніках. У сталіцы іх шэсць, у першую чаргу асвойваюць Смалявічы. Менавіта тут з'явіцца шматпавярхоўка для мінскіх чаргаўнікаў. Яна стане часткай вялікага раёна. 

Вадзім Нікалаенка, галоўны архітэктар Мінскай вобласці: "У 2016 годзе распрацаваны генеральны план, таксама дэталёвы план на тую тэрыторыю, якую мы плануем пад першачарговае асваенне. Гэтым дэталёвым планам прадугледжваецца развіццё мікрараёна. Натуральна, не толькі будаўніцтва, а яшчэ ўсёй неабходнай інжынернай, транспартнай і сацыяльнай інфраструктуры. Прадугледжана на дадзенай пляцоўцы будаўніцтва трох дзіцячых садоў і дзвюх  школ".

Будучым жыхарам эксперыментальнага дома ў Смалявічах акажуць дзяржпадтрымку. Зрэшты, нягледзячы на тое, што цана квадрата ў гарадах-спадарожніках ніжэй на 30-40 %, жыхары сталіцы з пераездам не спяшаюцца.

Павел Астапеня, дырэктар агенцтва нерухомасці: "Праблема,  у першую чаргу, у інфраструктуры. На жаль, прыватныя забудоўшчыкі не маюць гэтай магчымасці развіваць гэтую інфраструктуру. Тут мы ўсё-такі чакаем дапамогі дзяржавы для развіцця гарадоў-спадарожнікаў".

У Смалявічах з'явіцца каля 20 новых дамоў, але аб тэрмінах пакуль гаварыць рана. А вось непасрэдна ў Мінску ўжо сёлета пачнуць будаваць шматпавярхоўкі ў Чыжоўцы,  на месцы знесенай вёскі Карзюкі, а МАПІД пачне  ўзвядзення квартала на скрыжаванні вуліц Шаранговіча і Гарэцкага. Усяго ў будаўнічым плане сталіцы на 2019 год - 670 тысяч квадратных метраў.