Сталічны Дом міласэрнасці запрасіў дзяцей на каляднае свята

13 января 2014

Па традыцыі перад старым Новым годам сталічны Дом міласэрнасці запрасіў дзяцей на каляднае свята. У праваслаўным рэабілітацыйным цэнтры арганізавалі салодкі стол і дачакаліся Дзеда Мароза проста з неба! Акцыя, у якой злучыліся і духоўнасць, і элементы шоу, вярнула ў дзяцінства дарослых, а малышам падарыла незабыўную казку.


Рэпартаж Наталлі Бардзілоўскай. Гэта замежны Санта-Клаус прылятае да дзяцей на чароўных аленях, а наш праваслаўны Дзед Мароз мае ўласны Мі-2, каб на працягу ўжо многіх гадоў прызямляцца на Каляды да Дома міласэрнасці. У камандзе зімовага чараўніка не толькі Снягурка, але і кіраўнік аэраклуба ДТСААФ і ініцыятар гэтага свята - настаяцель Усіхсвяцкага прыхода Фёдар Поўны.


Праваслаўная царква, гарадскія ўлады, прафесійныя і самадзейныя творчыя калектывы, навучальныя ўстановы Мінска і Дом міласэрнасці ўжо больш за дзесяць гадоў у калядныя дні аб'ядноўваюцца, каб падарыць дзятве і іх бацькам, а гэта і шматдзетным сем'ям, і дзецям-сіротам, і дзецям-інвалідам, і проста грамадзянам і праваслаўным прыхаджанам гэтае вялікае свята!


Тэрыторыя праваслаўнага рэабілітацыйнага цэнтра на дзень пераўтварылася ў казачны дзіцячы гарадок з насельніцтвам каля дзвюх тысяч чалавек. Менавіта столькі ўдзельнікаў падлічылі на свяце. Многія - даўнія і добраахвотныя заўсёднікі гэтай каляднай штогадовай акцыі. Імправізаванай пляцоўцы ля Дома міласэрнасці маглі пазайздросціць лепшыя канцэртныя залы. Юных мінчан з Калядамі павіншавалі Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, народны ансамбль Церніца, артысты Нацыянальнага цэнтра мастацтваў імя Мулявіна, лаўрэаты конкурсу Славянскі базар. Тут жа - перасовачныя выставы: ад цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі да сярэдніх школ горада, што прэзентавалі гледачам свае вырабы і свае ўменні. Частаванне Дзеда-Марозавай кашай, каляднае вогнішча, народныя гулянні. А самае галоўнае, што адбылося на сёлетнім свяце, - Дзед Мароз паабяцаў наладзіць сапраўднае надвор'е.