Сталічныя службы рыхтуюцца да магчымых падтапленняў у дажджлівае надвор’е

21 июля 2015

Сіноптыкі прагназуюць ападкі, таму адпаведныя службы рыхтуюцца да магчымых падтапленняў. На такія выпадкі ратавальнікі распрацавалі план “Пасейдон”. А камунальныя службы зараз актыўна ачышчаюць сталічныя ліўнестокі ад пяску, апалага лісця і іншага смецця. Хто і як прадухіляе патопы? Рэпартаж Антаніны Станкевіч.

8 гадзін па калена ў вадзе. Работа такая, па-філасофску кажуць мужчыны ў спецадзенні. Тым больш што калі не пачысціць калектар, то па калена ў вадзе будзе паўсталіцы пасля вялікага дажджу. Вялікія калектары чысцяць уручную. На ўчастку працуюць 4 чалавекі: два ўнізе – яны збіраюць смецце, два зверху – адвозяць яго на звалкі. За адну змену паспяваюць прайсці такім чынам па 8-10 метраў.

А вось больш вузкія калектары – дыяметрам да аднаго метра - чысцяць пры дапамозе спецыяльнай машыны. З аднаго шланга падаецца вада пад вялікім ціскам - да 200 атмасфер, якая вымывае смецце. Іншая помпа збірае пясок і лісце ў кузаў аўто.

Аператар Анатоль Раманенкаў кіруе вялізным агрэгатам пры дапамозе дыстанцыйнага пульта. Звычайна ўсё працуе на аўтамаце, часам у механізм трапляюць камяні і іншае буйнагабарытнае смецце. Яго аператыўна дастаюць, пасля чаго можна працягваць работу.

Зараз гарадское прадпрыемства “Гаррамліўнясцёк” адказвае за некалькі буйных калектараў працягласцю да 320 кіламетраў – гэта як 6 кальцавых дарог. Прыводзяць у парадак іх не толькі ў сезон дажджоў – работа вядзецца на працягу ўсяго года.

Акрамя таго, вядзецца рэканструкцыя і будаўніцтва новых калектараў. Такім чынам, ападкам даюць выхад, каб яны не затаплівалі сталіцу.