Сталічныя пляжы карыстаюцца папулярнасцю сярод мінчан

13 июля 2017

Няўстойлівае надвор'е не перашкода якаснаму адпачынку. Сталічныя пляжы карыстаюцца папулярнасцю сярод мінчан. Сёлета да купальнага сезона аднавілі ўсе ўзбярэжныя зоны сталічных вадаёмаў.

Усталявалі новыя альтанкі, лясную мэблю, а таксама дадатковыя мангалы і кабіны для пераапранання. Да таго ж упершыню для сталіцы закупілі спецыяльную пляжную тэхніку - машыну-"сіта". Яна дапамагае падтрымліваць чысціню. Больш падрабязна раскажа Аляксандра Кавеліч.

Саліст Вялікага тэатра Беларусі Дмітрый Капілаў у вольны час праменад па традыцыі здзяйсняе ўздоўж Цнянскага вадасховішча. Прыгожая набярэжная і прасторныя пляжы сталі любімым месцам адпачынку. Летась тут завяршылі маштабную рэканструкцыю. Сёлета ўсталявалі новыя спартыўныя пляцоўкі.

Актыўны адпачынак ці пікнік ля вады… Да летняга сезона ўсе сталічныя пляжы аднавілі – усталявалі новыя альтанкі, лясную мэблю, а таксама дадатковыя мангалы і кабінкі для пераапранання.

Павялічваюць і плошчу аўтамабільных стаянак. Велапаркоўкі - для аматараў экатранспарту. А для дзяцей - гульнявыя комплексы. Праўда, у самых маленькіх застаюцца свае пажаданні.

А гэта Заслаўскае вадасховішча. Тут шматлюдна нават у будні. Купальны сезон мясцовыя пляжы сустракаюць у новым фармаце.

Адпачываць ля самай вады ці проста гуляць па беразе можна з максімальным камфортам. Сёлета на пляжы завезлі 7 тысяч кубоў дробнага пяску – амаль як на марскім узбярэжжы.

А каб падтрымліваць чысціню на пясчаных пляжах, закупілі спецыяльную тэхніку. Вялікая машына-«пыласос» за лічаныя хвіліны прыбярэ смецце, галінкі і каменне.

Такія ж пясчаныя пляжы з'явяцца і ля іншых вадаёмаў. Усяго ж сёлета ў сталіцы абсталявалі 20 месцаў адпачынку ля вады - рэлакс-зоны ля Камсамольскага возера, вадахсовішчаў Дразды і Крыніца, а таксама Заслаўскага і Цнянскага. Там пастаянна сочаць і за чысцінёй саміх акваторый. Пакуль забароны на купанне не ўведзена.