Сталічныя паркі рыхтуюцца да чэмпіянату свету па хакеі

4 октября 2013

Разам з узвядзеннем спартыўных комплексаў і гасцініц архітэктары абяцаюць ператварыць звыклыя паркі ў сапраўдныя міні-гарады.

Экскурсію па будучых парках правядзе Аляксандра Драгун.


Тры фантаны-гейзеры, дзіцячая пляцоўка для гульні і амфітэатр са зборнай сцэнай. Пасля рэканструкцыі парк імя Міхаіла Паўлава ператворыцца ў шматфункцыянальную зону для адпачынку і заняткаў спортам. Узгорысты рэльеф сквера вырашылі абыграць і падкрэсліць яго асаблівасці. Пакуль праект на паперы, але ў наступным годзе пачнуць яго рэалізацыю.

Рэканструкцыя чакае і парк 40-годдзя Кастрычніка. Сквер адносяць да гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У заходняй частцы калісьці знаходзіўся помнік дахрысціянскай культуры - капішча. А ў гонар беларускіх партызан і вызвалення сталіцы ад нямецкіх захопнікаў усталяваны памятны знак.


У цэнтры сталіцы будуць наглядна знаёміць з гісторыяй, культурай і архітэктурай Беларусі. У аднайменным парку наладзяць падарожжы… па краіне. Беларусь, бадай, самы патрыятычны парк. Згодна з праектам, цэнтральная кампазіцыя паўтарае контур краіны. Праўда, у маштабе 1:25. А экспазіцыя сквера аб'яднае галоўныя славутасці, напрыклад, Нацыянальную бібліятэку, Мірскі і Нясвіжскі замкі. Вядома, у турыстаў не атрымаецца паблукаць па таемных пакоях і лабірынтах замкаў. Але макеты дапоўняць стэнды з падрабязнай інфармацыяй аб помніках архітэктуры.


Да развязкі набліжаецца рэканструкцыя ў парку Перамогі. Там з'явіцца алея Памяці і славы, зоны адпачынку і экскурсійныя шляхі.


Сваё пачэснае месца ў парках займаюць фантаны. Штогод штучныя крыніцы праходзяць касметычны рамонт. Глабальная рэканструкцыя чакае пакуль толькі адзін фантан. Дарэчы, ён самы старажытны з усіх. Хлопчык у бронзе даўно перасягнуў векавы юбілей.


Хутка гараджане і госці сталіцы атрымаюць задавальненне ад прагулак па абноўленых парках і скверах, ад прахалоды фантанаў. А пакуль горад адказна рыхтуецца да самай галоўнай падзеі наступнага года - чэмпіянату свету па хакеі.