Сталічныя азеляняльнікі пачалі падрыхтоўку да сустрэчы гасцей II Еўрапейскіх гульняў

18 мая 2019

На клумбах матывы слуцкіх паясоў, а на вуліцах велічныя зубры, лісяня Лесік і  шахматныя фігуры з дэкаратыўнай дошкай. Сталічныя азеляняльнікі пачалі падрыхтоўку да сустрэчы гасцей II Еўрапейскіх гульняў. У найбліжэйшы час майстры павінны высадзіць больш за 2 мільёны кветак і выставіць 11 тысяч кашпо. Прыгажосці вуліцам дадасць і незвычайная ілюмінацыя. Вуліцы Кірава і Ульянаўскую падчас форуму ўпрыгожаць 60 эмблем стадыёна і фігуры спартсменаў. Ля Палаца спорту, на вуліцы Прытыцкага і на Партызанскім праспекце святочную спартыўную ілюмінацыю таксама значна дапоўняць. 

Пра спартыўнае ўбранне горада сюжэт Наталлі Кезік.  Першым гасцей спартыўнага форуму сустрэне  талісман II Еўрапейскіх гульняў – Лесік. Вось такія трохметровыя фігуры вітаюць балельшчыкаў на англійскай і беларускай мовах на ўсіх уездах у сталіцу. Над спецыяльнай канструкцыяй лісяня дызайнеры працавалі амаль паўгода. І ў іх атрымалася цалкам перадаць колеры спартыўнага адзення і характар.  

А непадалёк ад галоўнага стадыёна II Еўрапейскіх гульняў убачыць можна і адзін з сімвалаў Беларусі – велічных  зуброў. Магутных жывёлін можна не толькі ўбачыць, але і зрабіць сэлфі.  

Папараць-кветка, дыямент з блакітных камянёў і лагатып спартыўнага форуму ўжо квітнеюць уздоўж буйных сталічных аўтамагістраляў. А ў чэрвені фларыстычныя кампазіцыі са свежых кветак упершыню адправяцца ў свабоднае плаванне па воднай роўнядзі сталічных вадаёмаў.  

Новыя фотазоны і адмысловыя  лакацыі для адпачынку з'явяцца ў кожным раёне сталіцы. Так, на вуліцы Багдановіча ўжо можна  згуляць у зялёныя шахматы на чорна-белай дошцы, загадаць жаданне ля дрэва шчасця ў Камароўскім скверы. На клумбах сёлета  беларуская гісторыя: арнамент, птушкі і матывы слуцкіх паясоў. 

Дарогу да стадыёна “Дынама” падкажуць яркія светлавыя эмблемы і выявы спартсменаў. Зараз ідзе мантаж 60 арт-кампазіцый. Даведнікам для турыстаў паслужаць і яркія шары з эмблемай II Еўрапейскіх гульняў. 8 светлавых фігур можна сустрэць ля стадыёнаў, на вакзале і на ўездах у сталіцу. 

Астатнія галоўныя пляцоўкі спартыўнага форуму – праспекты Пераможцаў і Дзяржынскага, вуліца Прытыцкага - таксама зазіхацяць больш ярка. Там да ілюмінацыі, якая ўжо ёсць, дададуць яркіх агеньчыкаў і матываў з беларускім акцэнтам.