Сталічныя метрабудаўцы сёння запусцілі тунэлепракладчы комплекс

16 февраля 2016

У даўжыню больш за 70 метраў і вагой звыш паўтысячы тон. Сталічныя метрабудаўцы сёння запусцілі тунэлепракладчы комплекс. Паводле слоў спецыялістаў, магутная машына паскорыць будаўніцтва падземкі мінімум у пяць разоў. Так што першых пасажыраў станцыі "Вакзальная", "Плошча Францішка Багушэвіча", "Кавальская Слабада" і "Юбілейная плошча" прымуць праз два гады. Аляксандр Харавец ацаніў магутнасці і размах сучаснага абсталявання.

Пырскі шампанскага, шчаслівыя воклічы, і "Алеся" – менавіта такую назву атрымаў новы механізаваны комплекс – пачынае пракладваць тунэль да будучай станцыі метро «Вакзальная».

У сталіцу абсталяванне прывезлі некалькі месяцаў таму з Францыі. Яго кошт склаў больш за восем мільёнаў еўра. На такім жа абсталяванні рабілі і тунэль, які 22 гады таму звязаў паміж сабой Францыю і Англію, пад пралівам Ла-Манш.

Сёння комплекс абслугоўваюць каля паўсотні спецыялістаў. Ды і яго памеры ўражваюць. Вага - больш за паўтысячы тон, даўжыня перавышае 70 метраў. Пры гэтым хуткасць будаўніцтва падземкі ўзрасце ў пяць разоў. Паводле слоў распрацоўшчыкаў, штомесяц тунэль будзе павялічвацца на 300 метраў.

Будаўніцтва трэцяй лініі падземкі без гэтага комплекса немагчымае. Бо метро пройдзе пад шчыльнай гарадской забудовай. Праходчы шчыт дазваляе рабіць тунэлі пад зямлёй, не замінаючы камунікацыям і будынкам, якія трапляюць у зону будаўніцтва.

Наступны прыпынак «Алеся» зробіць увосень. Згодна з планамі метрабудаўнікоў, за гэты час яны павінны пракласці тунэлі да станцыі «Юбілейная плошча».

Такім чынам, праз два гады першыя чатыры станцыі трэцяй лініі падземкі прымуць пасажыраў. Што значна разгрузіць перасадачныя пункты сіняй і зялёнай ліній метро. А значыць, дабрацца з аднаго канца горада ў іншы мінчанам і гасцям сталіцы будзе нашмат прасцей і, самае галоўнае, хутчэй.